Tumgik
vesialuha · 7 years
Text
Калі песні прыходзяць… самі
Tumblr media
Беларускія прыхільнікі расійскага гурта “Малелланово облако” гэтай падзеі чакалі даўно. Нарэшце іх любімая каманда завітала ў Мінск з вялікім канцэртам. Таму ў сталічны клуб “Брюгге”, дзе адбывалася выступленне, прыйшлі не толькі мінчане, сюды прыехалі аматары “воблачнай” музыкі з розных гарадоў краіны. Атмасфера на канцэрце была цёплай, шчырай і сяброўскай. Нікога не бянтэжыла тое, што гледачы сядзелі на танцпляцы проста на дыванку, зняўшы абутак, – як на летнім фестывалі ці ў лесе ля вогнішча. Ды і традыцыйная гутарка публікі з музыкамі пасля выступлення нагадвала сустрэчу старых знаёмцаў, дзе ўсе рады бачыць адно аднаго.
Нашы карэспандэнты таксама завіталі на канцэрт, акунуліся ў атмасферу даверлівасці, сяброўства і музычнага чараўніцтва. А пасля – мелі магчымасць пагутарыць з самімі музыкамі – гітарыстам і вакалістам Сяргеем ДВАРЭЦКІМ і віяланчэлісткай Дар’яй БАГАСЛОЎСКАЙ.
- Сёння на канцэрт прыйшло параўнальна нямнога людзей, але вы змаглі “запаліць”, расштурхаць фактычна ўсіх. У чым сакрэт?
Сяргей: - Справа ў тым, што публіка сёння хацела слухаць нашу мызуку, а мы – граць для іх. Сакрэт вельмі просты. Нават калі на выступленне прыйдзе адзін чалавек, значэнне мае тое, што яму гэта патрэбна.
- У Мінску вы выступалі ў мінімальным складзе – толькі гітара, вакал і віяланчэль. Але гучыць усё добра. Часта даеце канцэрты менавіта ў такім фармаце?
Сяргей: - У Мінску мы так выступілі ўпершыню. Гэта быў пэўнага кшталту эксперымент. Гадоў пяць таму зрабілі падобную спробу ў Маскве, мы з Дашай удваіх сыгралі канцэрт, але справа не знайшла працягу. Таму зараз неяк выпадкова вырашылі зноў паспрабаваць, і канцэрт у Мінску даказаў, што ўсё цалкам магчыма, гэта вельмі класны варыянт.
Tumblr media
- Магчыма, нечага не хапае, напрыклад, барабана, які задаваў бы рытм?
Сяргей: - Галоўнае – сувязь паміж музыкантамі. Чым яны глыбей адзін аднаго адчуваюць, тым лепшай атрымліваецца музыка. Справа нават не ў інструментах, а ў камфортных стасунках з чалавекам, з якім вы граеце, дыхаеце адным дыханнем.
Дар’я: - Натуральна, гэта не адмяняе існавання поўнага складу гурта, мы і з усімі граем з вялікім задавальненнем. Але атрымліваем ад выступлення крыху іншыя эмоцыі, пачуцці. У многім склад вызначае і праграму, тыя песні, што мы выконваем падчас канцэрта.
- Як у такіх выпадках вызначаеце сэт-ліст? Як выбіралі, што заспяваць менавіта ў Мінску?
Сяргей: - Песень вельмі многа, больш сотні. Але мы іх не лічым, гэта хутчэй справа навукоўцаў (смяецца). Па-першае, выбіраем тое, што хочацца заспяваць. Па-другое, што максімальна цікава прагучыць у такім фармаце: калі мы знаходзімся на сцэне толькі ўдваіх з Дашай. Я пачынаю спяваць пад гітару і ва ўяўленні чую, што падгалоскам грае віяланчэль. Калі атрымліваецца выдатна, то думаю, варта сыграць. І мы пачынаем рэпетаваць.
Дар’я: - Песень у нас сапраўды многа, але нават не ведаем дакладнай колькасці сваіх альбомаў. Прыемна, што ёсць з чаго выбіраць сэт-ліст для кожнага з канцэртаў.
Tumblr media
- Вашы песні здзіўляюць найперш вобразнасцю ў тэкстах, нейкай неверагоднай эстэтыкай у музыцы. Як іх пішаце?
Сяргей: - Нічога асаблівага для гэтага не раблю. Песня нібыта сама прылятае. Я не спрабую набіць сабе цану, кажучы, што песня прыходзіць сама, гэта сапраўды так адбываецца. Навошта мне падманваць, казаць пра нейкія пакуты творчасці? Не, усё адбываецца вельмі лёгка. Па-рознаму адбываецца працэс усведамлення песні, яе ж трэба перажыць, зразумець, пра што яна.
Дар’я: - Мы не анансавалі, але сёння ў Мінску ўпершыню прагучала наша новая песня. Гэта таксама маланкава адбылося, проста зразумелі, што хочам яе сыграць.
Tumblr media
- Наколькі я ведаю, у нашым горадзе вы ўпершыню. Як уражанні?
Сяргей: - Мінск- вельмі прыгожы прасторны горад, для мяне ён напоўнены вясновым настроем, гэтым, напэўна, і адрозніваецца ад Масквы. Нягледзячы на строгасць і парадак, Мінск усё ж мае лёгкі настрой, няма адчування цяжару, як у Маскве. Верым у тое, што некалі мы сюды вернемся.
- Вас не крыўдзіць, калі часам гурт адносяць да рускага року, параўноўваюць з некім?
Сяргей: - Хай нас называюць як заўгодна. Мы займаемся музыкай, і гэта адзінае важна. Калі б разважалі пра тое, хто мы такія, які новы жанр фарміруем, то займаліся б толькі такім выпендрожам, нам гэта нецікава. Хоць канечне, цікавіць погляд збоку. Калі людзі кажуць, што гэта рускі рок, софт-рок, “аўтарская песня ў нярускім разуменні гэтага слова”, праводзяць нейкія аналогіі з еўрапейскімі, амерыканскімі выканаўцамі, то добра, выдатна. Усё гэта добрыя прыклады.
-         Сочыце за тым, што адбываецца ў беларускай музыцы?
Сяргей: - Атрымліваем мала інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, якія жанравыя адметнасці развіцця беларускай музыкі.
Дар’я: - Некаторыя гурты ведаем.
Сяргей: - Так, ведаем гурт IOWA, «Петля Пристрастия», «Кассиопея». Апошні – з тых гуртоў, што я проста начамі слухаў. Магчыма, назвалі б і іншыя выдатныя каманды, але не ведаем, што яны беларускія.
Марына ВЕСЯЛУХА.
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.
3 notes · View notes
vesialuha · 10 years
Text
На чытанні ― у Мілашова
Хоць і гучаў на імпрэзе ў вёсцы Мілашова, што ў Мёрскім раёне, паланез М. К. Агінскага “Развітанне з Радзімай” у выкананні салісткі беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяны Матафонавай, для выступоўцаў літаратурныя чытанні сталі не развітаннем, а сапраўднай сустрэчай з радзімай. Так, гасцямі Мілашова сталі ўраджэнкі гэтай вёскі, сёння вядомыя дзіцячыя пісьменніцы Алена Масла і яе сястра Наталля Бучынская, а таксама аўтар гэтых радкоў. Тут, у маляўнічай вёсачцы на беразе возера, прайшлі ІІ Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні. Сімвалічна і тое, што сустрэча з чытачамі праходзіла ў адрэстаўраваным фальфарку ХІХ ст., які належаў уладальнікам гэтых земляў ― Мілашам.
Клубок таямніц і лёсаў
Калі зазірнуць глыбока ў гісторыю, можна прасачыць, што вёска Мілашова ўпершыню згадваецца ў дакументах XVI стагоддзя. У 1725 ― 1824 гадах гэтай мясцовасцю валодалі Сапегі. Падчас далучэння краю да Расійскай імперыі ўся шляхта павінна была прысягнуць на вернасць імператрыцы Кацярыне II пад пагрозай канфіскацыі маёнткаў. Але Францішак Сапега, як і многія іншыя магнаты, адмовіўся ад прысягі, а маёнткі свае прадаў за бясцэнак. Так гэтыя землі, а таксама Чарэя, што недалёка ад Лукомля, з 1830 года сталі належаць Іосіфу Мілашу, шляхціцу з Коўна, які быў на службе ў магната. Ад прозвішча ўладальніка паходзіць і назва вёскі ― Мілашова.
У Іосіфа Мілаша было два сыны — Адам і Яўгеніюш. Яўгеніюш адбудаваў фальварак Ідолта-Мілашова. Адзін з яго сыноў — Артур (ён, верагодна, атрымаў у спадчыну Чарэю) — і быў дзедам славутага французскага паэта-містыка Аскара Мілаша (нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Чарэі). Аскар жа быў дзядзькам і настаўнікам польскага пісьменніка, нобелеўскага лаўрэата ў галіне літаратуры Чэслава Мілаша. Як неаднаразова падкрэслівалася падчас прамоваў на чытаннях, тое, што карані Чэслава Мілаша ― у Беларусі, адчуваецца і ў яго творах. У іх згадваюцца назвы нашых гарадоў, мястэчкаў, у Мілаша ёсць нават верш пра Оршу. Ён звязаны з успамінамі маленства, калі будучы славуты пісьменнік яшчэ падлеткам у час Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй выязджаў у бежанства. На чыгуначнай станцыі ў Оршы ён ледзь не згубіўся, таму ўсё жыццё гэтая станцыя ў пісьменніка атаясамлівалася з няспынным рухам.
Але на гэтым літаратурная гісторыя Мілашова не заканчваецца. З землямі гэтай парафіі звязаны лёс пісьменніка і святара Пётры Простага (сапр. Ідэльфонс Бобіч). Ён з 1915 года служыў у, “старым” касцёле (як яго называюць мясцовыя жыхары, бо ў вёсцы ёсць і “новы”, пабудаваны ў 1939 годзе), які калісьці быў фамільнай усыпальніцай Мілашаў. Скончыў сваё служэнне ў Іўі, дзе падчас вайны быў рассталяны фашыстамі. Недалёка ад Мілашова, у Якужах, нарадзіўся вядомы грамадскі дзеяч, выдавец, публіцыст Язэп Малецкі. Пасля ён жыў і працаваў у Германіі, Аўстраліі, дзе і пахаваны. Калі звярнуцца да імёнаў нашых сучаснікаў, у дадатак да прысутных на імпрэзе, можна прыгадаць нямала выбітных асоб. Гэта празаік Франц Сіўко, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры БДУ культуры і мастацтваў Галіна Тычка, вядомы польскі пісьменнік-гісторык Рышард Курыльчык.
Так, па ўсім відаць, што ідэя Алены Масла, пісьменніцы-казачніцы, загадчыка рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура” тэматычнна аб’яднаць усіх Мілашаў, а таксама творцаў, чые карані паходзяць з гэтых земляў, і правесці тут Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні ― цалкам лагічная і абгрунтаваная.
Зямля натхняе
Тое, што Мілашова з яго непаўторнай прыродай, мастком праз возера, таямнічымі касцёламі натхняе на творчасць, не аднойчы даказана на практыцы. І з часам магія гэтых мясцінаў, здаецца, толькі ўзмацняецца. Родная зямля дала сілы Алене Масла восенню мінулага года арганізаваць тут сустрэчу з пісьменнікамі ў межах рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам, чытаем па-беларуску”, пазней мілашоўцаў запрасілі ў Мінск, на імпрэзу, што ладзілася рэдакцыяй часопіса “Вясёлка” сумесна з Пасольствам Швецыі ў Беларусі. У мінулым годзе, калі грамадскасць шырока адзначала 100-годдзе Чэслава Мілаша, у бібліятэцы імя Цёткі ў Мінску, пры вялікім аншлагу прайшлі Першыя Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні. Тады ж і быў выказаны намер правесці чытанні ў Мілашове, але ўвесну, калі зацвіце бэз. І гэты час быў абраны не выпадкова. Справа ў тым, што Мілашы з Чарэі былі прафесійнымі заводчыкамі бэзу. У Чарэі ўвесну і ў нашы дні ля кожнай хаты квітнее бэз — так заведзена здавён. Так заведзена і ў Мілашове.
Другія Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні адбыліся не ў час квітнення бэзу, але крыху пазней, калі заквітнеў язмін, але гэта не пазбавіла сустрэчу цеплыні і шчырасці. І такімі ж пачуццямі адказалі выступоўцам гледачы. А нектаорыя з іх і самі сталі выступоўцамі. Паэты-пачаткоўцы, вучні Мілашоўскай школы Сняжана Мацяс, Максім Цярэшка і Руслан Марцілёнак прачыталі свае вершы, прысвечаныя роднай вё��цы.
Алена Масла, ініцыятарка і арганізатар сустрэчы, падкрэсліла:
― Я маю мару, каб Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні сталі традыцыйнымі. Спадзяюся, гэтыя сустрэчы паспрыяюць таму, што ў Мілашове з’явіцца літаратурны музей і музей вёскі, дзе можна будзе распавесці пра асоб, якія ўсяму свету распавядалі пра нашу вёску. Для музея ёсць і будынкі, у прыватнасці, старая школа на беразе возера, ёсць і землякі, якія ўжо адгукнуліся на прапанову і гатовы летам працаваць як валанцёры.
Упэўнена, мара Алены Сцяпанаўны здзейсніцца, бо пад гэтай задумкай з радасцю падпісаўся б кожны творца, чые карані ― у Мілашове. Зямля натхняе, і складана не слухаць яе голас.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 22 чэрвеня 2012 г.
3 notes · View notes
vesialuha · 10 years
Text
“Кажуць, што ты злы, і я веру…”
Tumblr media
Імя гэтага паэта шырока вядомае ў ЗША дзякуючы таму, што ён тройчы стаў лаўрэатам Пулітцэраўскай прэміі, лічыўся голасам цэлага пакалення, а таксама быў добрым сябрам прыгажуні Мэрылін Манро. Мы ж згадаем Карла Сэндберга з нагоды 100-годдзя з часу публікацыі яго выдатнага цыкла Chicago Poems. Першая кніга вершаў маладога паэта выйшла ў 1904 годзе, аднак сапраўднае прызнанне прыйшло толькі ў 1914-м, калі яго падборка з’явілася на старонках уплывовага выдання “Паэзія. Часопіс вершаў” (Poetry. A Magazine of Verse). Можна лічыць, што менавіта з гэтых дзевяці твораў пачалася вялікая дарога вялікага творцы.
Карл Сэндберг, сын беднага эмігранта са Швецыі, пераехаў у Чыкага ў 1912 годзе. Тут ён пачаў працаваць рэпарцёрам у выданнях Chicago Daily News і Chicago Book. У той час горад вельмі хутка развіваўся, ён, як і сёння, быў ключавым фінансавым цэнтрам для сельскагаспадарчага рынку, меў вялікі чыгуначны вузел і з’яўляўся важным цэнтрам упакоўкі мяса. Натуральна, гэтыя рысы адбіваліся і на гарадскіх краявідах, і на характары заняткаў мясцовых жыхароў. Паэт, заўважце, не кніжнік, а працаўнік розных сфер (з-за беднасці сям’і ён вымушаны быў працаваць ужо ў падлеткавым узросце), не мог прайсці міма такой яркай і адметнай вобразнасці і не скласці прысвячэнне гораду.
Верш “Чыкага”, які даў загаловак спачатку падборцы ў часопісе, а потым і цэлай паэтычнай кнізе (выйшла ў 1916 годзе), па словах самога аўтара, быў «выклікам, які Чыкага робіць Нью-Ёрку, Бостану, Філадэльфіі, Лондану, Парыжу, Берліну і Рыму. Гэты верш нібыта кажа: “Можа, у нас няма культурнага жыцця, але мы харчуемся рэгулярна”». Паэт звяртае ўвагу не толькі на негатыўныя бакі гарадскога жыцця, але паказвае іх поруч з пазітыўнымі: без вялікага зла не было б вялікага дабра, карысці мясцовым жыхарам.
Акцэнт на дваістасці горада як з’явы — важны крок у паэтычным урбанізме. Зазвычай паэты ідуць іншым шляхам: цалкам захапляюцца гарадской рэчаіснасцю, радуюцца дасягненням тэхнікі і прамысловасці, вітаюць гарадскі лад жыцця ці, наадварт, адмаўляюць эстэтыку горада і імкнуцца да жыцця ў вёсцы, сярод прыгожых вясковых краявідаў. У вершы “Чыкага” Карл Сэндберг піша:
Мне кажуць што ты сапсаваны і я адказваю: Так, гэта
праўда я бачыў як злачынца забівае і застаецца на волі каб забіваць
зноў.
Мне кажуць што ты жорсткі і мой адказ: На
тварах жанчын і дзяцей я пабачыў адзнакі
бессэнсоўнага голаду.
Але паэт не засяроджваецца адно на негатыўных з’явах жыцця ў Чыкага, ён зазначае:
Ідзіце і пакажыце мне іншы горад які з узнятай галавой спявае
бо ён горды што жывы і грубы і моцны і хітры.
Пры гэтым аўтар не адмаўляе прыгажосці краявідаў прыроды, наадварот — супрацьпастаўляе іх шэрасці гарадскога пейзажу. Так, у вершы “Прыстань” лірычны герой, стаміўшыся ад шэрай рэчаіснасці прамысловага цэнтра, праходзіць уздоўж “агідных сцен”, сустракае “жанчын з вачыма, запалымі ад голаду” і раптам бачыць “на ўскрайку горада, / Блакітны выбух возера, / Доўгія хвалі возера разбіваюцца на сонцы”. Гэтая яскравая апазіцыя “шэры горад — яркае блакітнае возера” дае аўтару магчымасць яшчэ раз падкрэсліць думку, што ў горадзе, каб выжыць, патрэбна цяжка працаваць — менавіта сярод шэрых сцен і з такімі ж, як ты, галоднымі людзьмі, а на ўзбярэжжы возера лепш адпачываць — любавацца прыгожымі хвалямі, чайкамі, крыху зайздросціць вольнасці іх палёту.
Зрэшты, нельга сцвярджаць, што адно выпадак, час і наватарскія падыходы ў выяўленні пачуццяў дапамаглі маладому паэту стаць адной з ключавых фігур літаратурнага жыцця ЗША пачатку ХХ ст. Варта падкрэсліць і ролю выдання, у якім былі апублікаваныя “Вершы пра Чыкага”. “Паэзія”, гэты “маленькі часопіс”, меў значны ўплыў на густы чытача, а асоба галоўнага рэдактара — паэткі, літаратурнага крытыка Гарыет Манро лічылася моцным аўтарытэтам. І паэтычны голас Сэндберга-пачаткоўца вельмі спадабаўся Манро: просты, вольны, яго стыль чымсьці нагадваў голас Уолта Уітмана. Ды і чытачы падхапілі агульнае захапленне. Лепшым доказам таму можа служыць факт, што часта ўжывальная ў адносінах да Чыкага метафара “Горад з шырокімі плячыма” запазычаная з верша Сэндберга.
У падборцы “Чыкага” аўтар засяроджваецца не толькі на вузкай тэме горада. У сваіх простых, моцных і адкрытых вершах паэт выступае нібыта медыятарам, які выказвае асноўныя павевы часу. Як, напрыклад, у вершы “Молат”:
Я бачыў
Як старыя багі сыходзяць
І новыя багі прыходзяць.
  Дзень за днём
Год за годам
Ідалы падаюць
І новыя ідалы ўзвышаюцца.
  Сёння
Я пакланяюся молату.
Тут няма бяздумнага максімалісцкага захаплення тэхнічным прагрэсам — толькі прызнанне аўтарытэту прамысловасці і залежнасці чалавека ад машын. З гэтым працэсам немагчыма змагацца, яго нельга адмаўляць, бо ў адваротным выпадку молат, які прыносіць карысць усяму чалавецтву, можа проста раздушыць асобна ўзятага чалавека.
Зрэшты, у цыкле вершаў “Чыкага” Карл Сэндберг уздымае і іншыя важныя пытанні чалавечага быцця. Ён піша, што для таго, каб адчуваць сябе жывым, імкнуцца да шчасця, унутранага самаўдасканалення, чалавеку патрэбныя не золата і слава, але адчуванні сораму і паразы, “голад, боль і жаданне”, а таксама “крыху кахання, / Голас, які размаўляў бы са мной напрыканцы дня, / Рука, якая дакраналася б да мяне ў цемры” (верш “Каля акна”). Закранае паэт і больш сур’ёзныя, глабальныя тэмы: пошук праўды, адметнасці гістарычнага развіцця чалавецтва, выбар уласнага шляху ў будучыні і расстанне з былым.
Так, у вершы “Хто я?” Сэндберг паказвае сваё разуменне Праўды: “Мяне завуць Праўда і я самы няўлоўны вязень у Сусвеце”, а ў вершы “Мом” (у Старажытнай Грэцыі — бог насмешкі і дурасці) выказвае крытычнае стаўленне да гісторыі чалавецтва:
Мне цікава, Мом,
Ці сядзяць дзесьці цені мёртвых і глядзяць
з глыбокім смехам
На людзей, якія гуляюць у жудасна шчырыя, старыя, вядомыя,
фармальныя паўторы гісторыі.
Філасофія паэзіі Сэндберга — не кніжная, але жыццёвая, блізкая да мудрасці і разумення, якія прыходзяць з гадамі і досведам. Яго вобразнасць — не вытанчаная, а да болю простая, амаль будзённая, метафары — нібыта высечаныя сякерай з дрэва ці адточаныя з каменю. Тут шмат шэрага колеру, шмат голаду, але, па меркаванні паэта, гэта лепш, чым згубіцца ў адзіноце, хай нават у хвалях самага прыгожага сіняга возера. Ды прыкладу, у вершы “Згубленая” Сэндберг піша: “лодка / Кліча і плача няспынна, / Як згубленае дзіця / У слязах і ў бядзе / Шукае грудзі прыстані / І вочы прыстані”.
Пазней, праз гады, Карл Сэндберг стане адным з самых любімых аўтараў амерыканцаў. Ён выдасць некалькі зборнікаў паэзіі, напіша кнігу казак для дзяцей, атрымае фінансавы поспех пасля выдання двухтомнай біяграфіі Абрахама Лінкальна. Ён зверне ўвагу на тэму расавай роўнасці ў краіне і будзе шмат працаваць у галіне даследавання амерыканскага фальклору. Яго кнігі “Амерыканская сумка з песнямі” і “Новая амерыканская сумка з песнямі”, дзе сабраныя многія песні і балады, запісаныя падчас доўгіх падарожжаў паэта па краіне, і праз паўстагоддзя пасля выхаду будуць прывабліваць увагу музыкаў. Дарэчы, сам Карл Сэндберг падчас чытанняў таксама любіў узяць у рукі банджо ці гітару і заспяваць...
Марына ВЕСЯЛУХА
Здымак Карл Сэндберг, 1920 г. фота з сайта qotd.org
Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 19 верасня 2014 г.
2 notes · View notes
vesialuha · 10 years
Text
Торгу — новы Дракула?
Tumblr media
Калі паспрабаваць скласці рэйтынг самых папулярных персанажаў кніг і фільмаў жахаў, то вампір Дракула, безумоўна, зойме ў ім адно з першых месцаў. З моманту выхаду рамана Брэма Стокера прайшло ўжо больш як стагоддзе, а гэты вобраз хвалюе ўяўленне пісьменнікаў, сцэнарыстаў, рэжысёраў і, натуральна, чытачоў і гледачоў.
Толькі цягам апошніх гадоў пабачыла свет не адна кніга, прысвечаная новай інтэрпрэтацыі старога вобразу. Так, Джэймс Рыз у рамане “Дасье Дракулы” вяртае чытача ў канец ХІХ стагоддзя, а пісьменніка Брэма Стокера робіць героем твора. У цэнтры расповеду — дзённік Стокера, напісаны ў час, калі знакаміты раман яшчэ не быў створаны. Крыс Хамфрыс у кнізе “Дракула. Апошняя споведзь” спрабуе наноў распавесці гісторыю жыцця румынскага князя Улада Цэпеша — прататыпа самага знакамітага вампіра. У гэтым рамане Цэпеш — зусім не жорсткі монстр, але няшчасны чалавек, які мусіць ахвяраваць жыццём адзінай каханай жанчыны.
Амерыканскі аўтар Джон Маркс крыху адыходзіць ад агульнага захаплення Дракулам. Тым не меней яго раман “Краіна іклаў і кіпцюроў”, які ўпершыню быў апублікаваны ў 2007 годзе, змяшчае шмат алюзій на знакамітую кнігу Брэма Стокера. Гэты твор намініраваўся на Сусветную прэмію фэнтазі і стаў асновай для экранізацыі. У Беларусі выданне пабачыла свет пры падтрымцы ТАА “Харвест”, сёння мы на яго звернем больш пільную ўвагу.
Падзеі рамана Джона Маркса адбываюцца ў нашыя дні. Галоўная гераіня Эвангеліна Харкер — тэлевізійны журналіст. Па заданні рэдакцыі яна выпраўляецца ў падарожжа ва Усходнюю Еўропу, а менавіта ў Румынію. Дзяўчына мусіць сустрэцца з загадкавым інфарматарам і даведацца падрабязнасці злачыннай дзейнасці нейкага Торгу. Па дарозе з Бухарэста ў Трансільванію Ліна знаёміцца з былой хрысціянскай місіянеркай, якая раней працавала ў Афрыцы. Прыхільнікі творчасці Брэма Стокера тут адразу ж пазнаюць ��наёмыя дэталі. Сваё прозвішча гераіня Маркса запазычыла ў стокераўскага адваката Джонатана Харкера, які таксама выпраўляецца ў Трансільванію па справах — каб аформіць нерухомасць у Лондане на імя графа Дракулы. Ужо ў Трансільваніі Джонатан чуе перасцярогі мясцовых жыхароў быць асцярожным з графам і атрымлівае ад старой жанчыны падарунак — нацельны крыжык. Але гады кіравання Англіяй каралевай Вікторыяй (калі і адбываюцца падзеі рамана) — час вялікіх навуковых адкрыццяў, вынаходніцтва кінематографа і абмеркавання на новай сенсацыйнай тэорыі вучонага Дарвіна. Хіба могуць нейкія забабоны неадукаваных сялян-румынаў напалохаць адваката з Лондана?
Ліна Харкер таксама досыць смела выпраўляецца ў падарожжа. Яна піша ў сваім дзённіку (дарэчы, Маркс эпісталярны метад таксама пазычае ў Стокера): “…нават даведаўшыся, што паеду ў Трансільванію, і, начытаўшыся дастаткова, каб улавіць алюзію, нават пасля фільмаў і кнігі (маецца на ўвазе “Дракула” Брэма Стокера, гэты раман Ліне параіў пачытаць калега)… я ніяк не прымервала іх падзеі на сябе. Кнігу я пачала і кінула па той жа прычыне, па якой ніколі не магла дачытаць пра эльфаў і гоблінаў”. Тым не менш ужо на месцы жанчына не адмаўляецца ад падарунка месіянеркі — срэбнага крыжыка на тонкім ланцужку, а яе расповеды пра прывідаў не падаюцца ён вар’яцтвам.
Ёсць у біяграфіях Харкераў яшчэ адна агульная рыса: перад самым падарожжам абое святкуюць заручыны і імкнуцца хутчэй вярнуцца дадому, каб сустрэцца з каханымі. Месца асноўнага дзеяння раманаў таксама падобнае. Калі Дракула жыве ў старажытным замку і не дазваляе адвакату Харкеру свабодна гуляць па яго калідорах, бо за дзвярыма старажытных пакояў можа хавацца шмат жахаў і дзівосаў, то Ліна фактычна апынаецца вязнем старога закінутага і паўзгарэлага гатэля ў гарах. Дарэчы, вельмі цікавая дэталь — старажытны ліфт у гатэлі: “замест адной кабіны, якая адкрываецца націскан��ем кнопкі, гэты не меў дзвярэй, затое былі дзве кабіны і яны ўвесь час рухаліся. Злева кабіны апускаліся. Справа падымаліся. Рухаліся яны размерана, бязгучна, і ўнутр патрэбна было заскокваць, як толькі кабіна параўняецца з падлогай, інакш прапусціш свой шанс”.
Сам механізм ліфта выглядае досыць фантастычна. Але гэта рэальная дэталь, і такія ліфты насамрэч існуюць. Аўтар піша, што для гатэля ў Трансільваніі яго спраектавалі майстры з Усходняй Германіі. Дарэчы, з дапамогай такога ж механізму і сёння можна перамяшчацца з паверха на паверх у будынку Міністэрства замежных спраў Германіі, што знаходзіцца ў Берліне.
Але вернемся да рамана. Аказваецца, што і румын Торгу мае свае карысныя мэты ад зносінаў з Лінай. Як Дракула, які хацеў пранікнуць у шматлюдны Лондан у пошуках новых ахвяр, ён імкнецца ў ЗША, каб нібыта наладзіць там свой нелегальны бізнес. Магчымасць стаць героем самай папулярнай тэлепраграмы — для яго толькі зачэпка, а наведванне і зняволенне журналісткі — шанец атрымаць легальнае запрашэнне для візы ў Штаты.
— Мне спатрэбіцца, каб вы засталіся са мной да ад’езда. У якасці кансультанта. Мне неабходны ваш электронны адрас, пароль і нумар рахунку, каб устанавіць кантакт паміж маім дзелавым цэнтрам і вашай установай. І апошняе. Прашу вас пасляць гэтую паштоўку на месца вашай працы, а вось гэтую — вашым блізкім.
Памятаеце момант у Стокера, калі Дракула просіць Харкера напісаць лісты на працу і каханай, што затрымліваецца пагасцяваць у Трансільваніі? Дык вось падаецца, што зло за сто гадоў амаль не змянілася, не вынайшла новых метадаў і непапраўна састрэла ў сваіх дзеяннях. Аднак гэта не так. Бо на гэтым моманце падабенствы раманаў Стокера і Маркса амаль заканчваюцца. Гэта як скрыжаванне, пасля якога наш сучаснік ідзе сваёй дарогай, нібыта адштурхнуўшыся ад падказак папярэдніка і зрабіўшы яму рэверанс падзякі за дапамогу.
Так, самога Торгу мы не можам назваць вампірам у класічным выглядзе. У люстэрку ён выдатна адлюстроўваецца, сонечнага святла не баіцца, ды і іклаў вострых, каб піць кроў з шыі ахвяр, ён не мае. Зубы ў яго “зусім не вострыя, а, наадварот, круглыя і сцёртыя, і адблісквалі сінім, нібыта згнілі ў шэраватых сківіцах, — згнілі, але не жадалі выпадаць”. Дапамагаюць Торгу не вядзьмаркі, а загадкавыя браты Вуркулакі (не выпадкова іх прозвішча сугучнае з вурдалакамі). Яны моцныя, аброслыя чорным шчэццем, маюць доўгія вострыя зубы. Сам Торгу распавядае, што браты — выхадцы з грэчаскага роду, але кроў іх роду калісьці змяшалася з турэцкай, таму паходжанне іх Вуркулакаў лічыцца нізкім. Чаму так? Таму што румыны (на той час яшчэ жыхары княства Валакхія) у старажытнасці шмат ваявалі з туркамі, абаранялі ад іх набегаў свае землі, а хрысціянскую рэлігію ў краіне — ад засілля ісламу.
Дарэчы, у рамане Джон Маркс робіць неблагі экскурс у гісторыю Румыніі, тут жа можна прачытаць і пра адметнасці сучаснага жыцця ў гэтай краіне. Яна перанесла шмат складаных гістарычных падзей і сёння нібыта фарміруе свой новы твар. Аўтар нават параўноўвае вуліцы Бухарэста з моднай крамай, якая толькі-толькі адчынілася: рамонт яшчэ не зусім скончаны, усё не так наладжана працуе, вакол ідзе будоўля, але прадаўцы ўжо імкнуцца актыўна прапаноўваць тавары, паказваючы ўсяму свету новы твар і сучасныя еўрапейскія рысы гэтай краіны.
Такім чынам, Ліна апынаецца ў зняволенні ў гатэлі Торгу ў гарах Трансільваніі. Штодзень яна спрабуе збегчы, але наступным ранкам зноў прачынаецца ў сваім пентхаўсе. Торгу паказвае ўсё больш і больш жорсткіх рысаў сваёй натуры. У той жа час у Нью-Ёрку ад невядомай хваробы памірае калега і сябар Ліны, а іншы супрацоўнік кампаніі вар’яцее. Але жахі толькі пачынаюцца. Абяцаю: сумна не будзе. Страшна — дакладна.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 12 верасня 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
На планеце Мінуўшчына
Tumblr media
Сёлета, у сакавіку, у нашай краіне было зарэгістравана новае выдавецтва. Яго ўладальнік і заснавальнік — кандыдат гістарычных навук, вядомы даследчык Андрэй Янушкевіч. Менавіта на падрыхтоўцы гістарычных беларускамоўных выданняў, адрасаваных шырокаму колу чытачоў, будзе зроблены акцэнт у працы гэтай установы. Кнігі з пазнакай “Янушкевіч” ужо ў верасні з’явяцца на паліцах кнігарняў. Пра тое, як наладжана праца ўстановы і якіх навінак ужо можна чакаць чытачам, карэспандэнту “Кніжнага свету” распавядае сам выдавец.
— Спадар Андрэй, як узнікла ідэя заснаваць выдавецтва і чаму менавіта гістарычная тэматыка была абраная ў якасці асноўнага тэматычнага кірунку яго працы?
— Раней, працуючы ў Інстытуце правазнаўства, Мірскім замку, я курыраваў выданне кніг. У прынцыпе, уся падрыхтоўка — стварэнне макета, складанне зместу, афармленне вокладкі, была пад маім кантролем. Па-другое, у мяне з’явілася ідэя выдаваць гістарычныя кнігі, якія чыталіся б шырокай публікай. У 2007 годзе я выдаў сваю манаграфію, прысвечаную Лівонскай вайне, а не так даўно яна была перавыдадзеная на рускай мове. Дык вось гэтае навуковае даследаванне тыражом 300 асобнікаў разляцелася літаральна за паўгода. Я сам адчуў, што гісторыя карыстаецца вялікім попытам. Людзей цікавіць усё, што звязана з узбраеннем, войнамі, знакавымі гістарычнымі падзеямі. Таму вырашыў акцэнтаваць сваю працу менавіта на набліжэнні звестак пра мінулае да шырокай грамадскасці.
Мы маем на мэце зрабіць акцэнт не на чыста навуковых выданнях, але на якаснай белетрыстыцы. А для гэтага кнігі павінны пісацца прафесіяналамі сваёй справы: гісторыкамі, музейнымі супрацоўнікамі, краязнаўцамі. Факты мусяць выкладацца ў лёгкай форме, даступнай для чытача. Яшчэ ёсць ідэя разварушыць нашых гісторыкаў, каб яны пачалі пісаць кнігі не толькі для сябе, а для людзей, каб яны зразумелі, што кнігі — гэта не проста добрасумленны падбор фактаў і высноў, а твор, які павінен чытацца як мага больш шырокім колам людзей.
— Паколькі нам ужо вядома, што ў выдавецтве “Янушкевіч” ужо рыхтуецца некалькі праектаў, можна меркаваць, што ваша ідэя была сустрэтая аўтарамі з прыхільнасцю. Якія кнігі мы пабачым у хуткім часе?
— Першым выданнем стане пераклад даследавання Пятра Дружджа “Бітва пад Оршай 1514 года” з польскай мовы. Кніга прысвечана значнай гістарычнай падзеі, 500-гадовы юбілей якой мы будзем адзначаць праз два тыдні. Гэта папулярная праца, дзе ў даступнай, лёгкай форме апісваюцца падзеі вакол бітвы, сама бітва пад Оршай. Крыху пазней выйдзе кн��га Анатоля Трафімчыка “1939 год і Беларусь: забытая вайна”. Галоўная задача гэтага выдання — паказаць, што Беларусь стала прасторай для сутыкнення Германіі і СССР ужо ў 1939 годзе. У верасні мусіць пабачыць свет і даследаванне Аляксея Шаланды, прысвечанае шляхецкай геральдыцы Беларусі. Бачу, што ў грамадстве зацікаўленасць гербамі, пячаткамі вельмі высокая, але прыстойнага навукова-папулярнага выдання на гэтую тэматыку я пакуль не бачыў.
— Як будзе ажыццяўляцца далейшы падбор аўтараў?
— Канечне, працуе той факт, што я сам гісторык, ведаю досыць шырокае кола спецыялістаў у гэтай галіне, і праз асабісты кантакт магу прапанаваць ідэю напісаць кнігу. Спадзяюся, што аўтары будуць знаходзіцца з дапамогай рэкламы, а таксама праз тыя кнігі, што ўжо выйдуць з друку. Гатовыя выданні падштурхнуць да супрацоўніцтва з намі. Плануем прыцягнуць і даследчыкаў з рэгіёнаў. Так, у нашых планах ужо ёсць падрыхтоўка кнігі краязнаўцы з Клецка Андрэя Блінца.
— А ці кожны навуковец-гісторык здольны цікава распавядаць пра прадмет свайго даследавання?
— Калі разгледзець адметнасці гуманітарных навук, да прыкладу, гісторыі, і адказаць на пытанне: які прадукт ствараюць даследчыкі, мы прыйдзем да высновы, што так ці інакш усе навукоўцы павінны працаваць на навуку, асвету грамадства, прадстаўляючы манаграфіі, робячы публікацыі. Гэта нават патрабуецца пры абароне дысертацыі. Але для каго пішуцца гэтыя артыкулы і кнігі? Я лічу, што гісторык мусіць пісаць настолькі цікава і добра, выбіраць для кнігі актуальную тэму, каб яго даследаванні хацелася чытаць многім. Па гэтай схеме працуе ўвесь свет. Навукоўцы пішуць кнігі, нават паралельна рыхтуюць навуковую працу і папулярнае выданне. У любым выпадку гісторык у нейкі з момантаў выступае ў якасці пісьменніка, ды і работы пішуцца менавіта пад уплывам натхнення. Таму мне падаецца, што праца гісторыка блізкая да працы пісьменніка.
— У нашай краіне ўжо склалася кола выдавецтваў, якія працуюць у гэтым жа кірунку. Да прыкладу, “Беларусь”, “Харвест”, Выдавецкі дом “Звязда”, “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”… Яны маюць і сваю акрэсленую тэматыку, якая крыху супадае з вашай, і кола аўтараў, якое таксама можа перакрыжоўвацца з колам вашых аўтараў. Не баіцеся канкурэнцыі на рынку?
— Трэба шукаць новых аўтараў. Гэта могуць быць перакладчыцкія праекты, выданне рукапісаў аўтараў-адмыслоўцаў, якія ўжо маюць вопыт напісання папулярных кніг. Але сярод гісторыкаў ёсць аўтары адно даследаванняў, якія можа і пісалі навуковыя кнігі, але на белетрызаваным грунце сябе не спрабавалі. У бізнесе ёсць такое выслоўе “гэтага пірага хопіць на ўсіх”. У Беларусі з пункту гледжання прадстаўлення мінуўшчыны настолькі тэматычна, якасна ненапоўнены кніжны рынак, што наша выдавецтва мае шырокае поле для працы. Гісторыя — планета, якая ўвесь час адкрываецца па-новаму: знаходзяцца новыя дакументы, выкарыстоўваюцца новыя метады даследавання. Гэта бясконцая прастора, якую можна вывучаць. Больш за тое, бачым, што ў грамадстве існуе голад да гістарычных ведаў, і мы яго можам задаволіць. Важна, каб была цікавая ідэя для кнігі і вартае яе ўвасабленне.
— А як наконт канкурэнцыі з электроннымі выданнямі? Выдаўцы ўсё часцей скардзяцца, што менавіта гэты сегмент атрымлівае ўсё большую вагу на рынку.
— Мы маем на мэце выдаваць не кнігу дзеля кнігі, бо сэнс існавання выдавецтва не ў гэтым. Вельмі важная тэма, змест кнігі, але ж выданне павінна выглядаць пргожа, эстэтычна, яно мусіць быць унікальным з дызайнерскага пункту гледжання, каб кнігу прыемна было ўзяць у рукі і чытаць. Павінна быць гарманічнасць у спалучэнні шрыфтоў, падборы фотаздымкаў, размяшчэнні ілюстрацый. Калі папяровае выданне не будзе адпавядаць гэтым крытэрыям, то канкурэнцыю з электронным яно не вытрымае.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 29 жніўня 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Ператварыцца ў попел
Tumblr media
Калі з’яўляецца навіна пра тое, што вядомы пісьменнік ладзіць выстаўку ўласных мастацкіх работ ці наадварот — мастак стаў аўтарам рамана, простыя людзі кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Навукоўцы ж схільныя гэтую з’яву разглядаць праз прызму канцэпцыі так званай “інтэрмедыяльнасці”, яны сцвярджаюць, што кожная з праяў творчасці асобы мусіць успрымацца ў комплексе з астатнімі. Так, слова тлумачыць вобраз, а вобраз дапаўняе слова.
Як бы там ні было, можна проста радавацца магчымасці пабачыць іншы аспект асобы і творчасці вядомага пісьменніка ці мастака. Напрыклад, пры знаёмстве з новай кнігай “Курт Вонегут.Малюнкі”, што пабачыла свет сёлета ў нью-ёркскім выдавецтве Monacelli Press. Калекцыю непублікаваных раней мастакіх работ знакамітага пісьменніка прадставіла яго дачка Нанет Вонегут, дапоўніўшы выданне цёплымі ўспамінамі пра бацьку.
Ужо даўно не сакрэт, што знакаміты амерыканскі пісьменнік, майстар навуковай фантастыкі Курт Вонегут увесь час маляваў, і многія з яго літаратурных твораў нават ўключаюць аўтарскія накіды, чарнавікі, замалёўкі. Раман “Сняданак для чэпміёнаў” і ўвогуле быў цалкам аформлены алоўкавымі малюнкамі пісьменніка. У 1983 годзе ў Нью-Ёрку нават прайшла асобная выстаўка яго работ. Як зазначаў тады сам Вонегут: “яна карысталася папулярнасцю не таму, што малюнкі добрыя, а таму, што людзі ўжо чулі раней пра мяне”.
Tumblr media
Курт Вонегут. Аўтапартрэт. 16 лютага 1985 г.
У чым жа каштоўнасць новага выдання?
Аматар літаратурнай творчасці Вонегута зверне ўвагу на своеасаблівую прадмову да кнігі — успаміны яго дачкі Нанет, дарэчы, таксама мастачкі. Прывяду некалькі цікавых момантаў. Аўтарка піша: “Мой бацька быў больш, чым ��ісьменнік. Гэта быў чалавек, які ніколі не насіў шкарпэткі са сваімі не зусім белымі пабітымі красоўкамі, які рэдка пакідаў дом, але ўвесь час знікаў у той забароненай яго частцы, што называлася “кабінет”. Каб трапіць туды, патрэбна было прайсці праз двое дзвярэй. Але ніхто не спрабаваў прайсці праз другія дзв��ры. Зрабіўшы гэта, ты мог ператварыцца ў попел, бо пакой быў замініраваны чымсьці, звязаным з працэсам стварэння… Мой бацька верыў у Мастацтва і ў свайго сабаку. Куды б ён ні ішоў, яго тоўсты і калматы дварняга Сэндзі быў побач. Што б гэта ні было: музыка, літаратура, тэатр, жывапіс, бацька верыў, што заняткі мастацтвам выратоўваюць жыцці. А аднойчы ён нават сказаў мне, што мастацтва для людзей — спосаб выказаць свае неўрозы… Бацька меркаваў, што быць мастаком увесь час — намнога весялей, чым быць пісьменнікам, нават калі б для гэтага патрэбна было адкруціць палец ці два”.
Зацікавіць чытача і ўласна мастацкі бок выдання. Кнігу можна разглядаць проста як прыгожы альбом, а ў выявах знаходзіць рысы розных стыляў. Да прыкладу, у анатацыі малюнкі Курта Вонегута апісваюцца вось як: “Рысы кубізму, змяшаныя з дарам Паўля Кле да малявання карыкатур, здольнасцю Аляксандра Калдэра знаходзіць баланс паміж колерам і лініяй, са мноствам рысаў псіхадэлічнай адчувальнасці шасцідзясятых. Эстэтыка Вонегута своеасаблівая і не падпарадкоўваецца традыцыі, як і яго кнігі”.
Але, падаецца, не застануцца па-за ўвагай і каментары Курта Вонегута, яго выказванні адносна мастацкай творчасці, прыроды натхнення, суаднясення слова і вобразу. Гэтыя праявы “інтэрмедыяльнасці” можна таксама знайсці ў альбоме. Вось некаторыя з іх:
“Холст, які можна назваць несвядомым, разглядае першы ўдар [мастака], а потым падказвае, як адказаць на яго пэўным колерам, тэкстурай. Затым, калі пасля першага моманту ўсё ідзе добра, холст прадумвае дадаткі і дае рэкамендацыі. Ён становіцца “ўіджа” (дошкай для спірытычных сеансаў. — Заўв. перакл.)”.
“Абедзве мае дарослыя дочкі маююць карціны і прадаюць іх. Шкада, што яны не могуць пакідаць свае творы. Бо існуе трэці ігрок, што змушае прапаноўваць работы для ўсынаўлення. І той ігрок проста апантана дае парады, як зрабіць іх карціны больш усынаўляльна-здольнымі, па-іншаму кажучы, як кіраваць паспяховай фабрыкай дзяцей”.
“Схема ўяўлення навучаная адказваць на самы мінімальны набор ключоў. Кніга — гэта паслядоўнасць 26 фанетычных сімвалаў, 10 лічбаў і каля васьмі знакаў прыпынку, і людзі, адбіваючы гэта ўсё вачыма, уяўляюць вывяржэнне вулкана Везувій ці бітву пад Ватэрлоа”.
Плануецца, што прэзентацыі выдання “Курт Вонегут.Малюнкі” будуць суправаджацца паралельнымі мастацкімі выстаўкамі. Разважаць пра тое, што кніга можа пабачыць свет і па-беларуску, і нашы аматары творчасці гэтага выдатнага пісьменніка таксама паглядзяць арыгіналы яго работ, — лунаць на мяжы летуцення і фантастыкі. Але хто ведае?
Марына ВЕСЯЛУХА
Вокладка з сайта amazon.co.uk
Малюнак з сайта theguardian.com 
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 30 мая 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Супервідавочныя сакрэты, якім, на жаль, не вучаць у мастацкай школе
Філ МАКЭНДРУ
Tumblr media
Да мяне прыходзіць шмат лістоў ад студэнтаў-ілюстратараў і маладых мультыплікатараў. Часам яны атрымліваюць заданне зрабіць са мной інтэрв’ю, часам нядаўнія выпускнікі, просяць парады, як з былога студэнта ператварыцца ў прафесіянальнага ілюстратара/мультыплікатара. Я атрымліваю лісты з пытаннямі пра тое, як займацца прамоцыяй работ, “прабіцца” на працу ў якасці ілюстратара ці аўтара коміксаў, знайсці кліентаў, чытачоў, аматараў у інтэрнэце і г. д.
Калі чытаю такія лісты, звычайна крыху пасмейваюся, бо і сам усё яшчэ стараюся звесці канцы з канцамі ў працы ілюстратара і мультыплікатара. Я ўсё яшчэ спрабую зразумець, якія рэчы спрацоўваюць, а якія — не. Аднак усё з часам удасканальваецца, становіцца прасцей, паступова.
Я разумею пачуццё страху, што прыходзіць разам з заканчэннем каледжа ці рашэннем пакінуць дзённую працу і зрабіць першыя крокі ў бок кар’еры ілюстратара ці мультыплікатара. Сам меў яго — не так даўно. Карысна размаўляць з людзьмі і вучыцца ў тых, хто ўжо колькі гадоў працуе ў гэтай галіне. Я шмат даведаўся падчас ліставання і гутарак з больш дасведчанымі калегамі. І ўсё яшчэ прашу парад. Я таксама даведаўся пра многія рэчы, спрабуючы і робячы памылкі. Я не маю адказаў на ўсе пытанні (і ніколі не буду мець), але ёсць некаторыя рэчы, якія ведаю дакладна. Большасць з іх падаюцца відавочнымі, лагічнымі. Спадзяюся, мае парады будуць карыснымі для вас. 
Малюйце кожны дзень
Калі вы не атрымліваеце задавальненне ад малявання настолькі, што гатовыя рабіць гэта кожны дзень, тады вам, напэўна, трэба знайсці працу ў іншай сферы. Не ведаю наконт вольных мастакоў, але я працую сем дзён на тыдзень.
Фантазія — гэта мускул. Калі вы хочаце, каб ён заставаўся моцным, трэба карыстацца ім кожны дзень. Калі вы страціце звычку штодзённага малявання, то будзе намнога складаней развіць яе зноў. Мускулы слабеюць намнога хутчэй, чым развіваюцца. Таму ніколі не спыняйцеся маляваць! Паўсюль бярыце з сабой нататнікі. Трымайце нататнік каля ложка. Яшчэ адзін — у сумцы. Выдаліце гульню AngryBirds з тэлефона і рабіце нейкія накіды, пакуль стаіце ў чарзе ў банку ці едзеце ў метро. Маляванне — вось ваша рэлігія.
Tumblr media
Рабіце сабе выклік
Намалюйце тое, што, як вам здаецца, вы не ўмееце маляваць. Паспрабуйце стварыць комікс, не прамалёўваючы контуры алоўкам, адразу выкарыстоўвайце чарніла. Набудзьце акварэльныя фарбы і гуляйце з імі да таго часу, пакуль вашыя вочы не ператворацца ў маленькія сэрцы і вы не палюбіце іх, а яны не палюбяць вас у адказ. Калі вам здаецца, што вы не ўмееце маляваць матацыклы, малюйце па матацыкле кожны дзень да таго часу, пакуль не атрымаецца добра.
Зноў жа, крэатыўнасць — гэта мускул. У вас не будзе вялікіх і цвёрдых мышцаў, пакуль вы баіцеся падымаць прадметы, цяжэйшыя за пяць фунтаў.
Застаючыся ў зоне камфорту, вы не развіваецеся. Прымусьце сябе намаляваць нешта, ведаючы, што менавіта гэта будзе складана. Прымусьце сябе маляваць нешта, да чаго ў вас зусім няма цікавасці і знайдзіце спосаб зрабіць гэта цікавым. Раней я не выносіў маляваць пейзажы ці фон малюнкаў, мне больш падабалася маляваць людзей, я пазбягаў фонаў як толькі мог. Таму вырашыў правесці год, акцэнтуючыся на стварэнні выдатных фонаў.
Цяпер люблю маляваць пейзажы, як і людзей, і я стаў больш моцным, рознабаковым ілюстратарам.
Tumblr media
Добра стаўцеся да людзей
Многія магчымасці, заказы і выстаўкі, што ўзнікалі на маім шляху, сталі простым вынікам гутарак з людзьмі і таго, што я быў добрым хлопцам. Некалькі разоў здаралася: ілюстратары аказваліся занадта занятымі і перанакіроўвалі на мяне частку сваіх заказаў. Я стаў сябрам мультыплікатараў, якія дасягнулі поспеху, і быў шчаслівы, бо яны змяшчалі спасылкі на мае работы і перанакіроўвалі ў мой бок шмат новых чытачоў. Не стаўцеся грэбліва да людзей, якім падабаецца ваша праца, і не ўспрымайце іх як дадзенасць. Сапраўды крыўдна, калі ты сустракаеш мастака, чыёй творчасцю захапляешся, на з’ездзе ці падчас аўтограф-сесіі, а ён нават не зазірне табе ў вочы ці не ўсміхнецца, каб паказаць, наколькі важны для яго твой інтарэс і тое, што ты гатовы заплаціць за яго працу ўласныя грошы. Знайшоўшы новага кліента, лепш выконваць яго пажаданні і быць ветлівым. Людзі больш не звернуцца да вас, калі мець непрыемна справу з вамі. Заўсёды кажыце: “Дзякуй”. Будзьце ўдзячныя, бо нехта плаціць за тое, што вы сядзіце дома і малюеце! Калі вам ніхто не плаціць, тады будзьце ўдзячныя, што не нарадзіліся без рук.
Не кажыце, што праца іншых — “смецце”, нават калі яна вам сапраўды не падабаецца. Я магу назваць шмат мультыплікатараў, больш паспяховых за мяне, але яны ўвесь час ствараюць сумныя і нецікавыя коміксы. Аднак кепскія выказванні пра іх працу і параўнанні іх поспеху з маім ніякім чынам не пойдуць мне на карысць. Гэта было б самаразбурэнне. Няважна, колькі чытачоў мае ваш «Твітар». Будзьце добрымі да людзей і закідвайце матэрыяламі сваіх падпісчыкаў.
Tumblr media
Весяліцеся
Мае найлепшыя работы, малюнкі, што мяне больш за ўсё хвалююць і больш за ўсё падабаюцца ды выклікаюць водгук у іншых, — тыя, што я малюю дзеля забавы. Вялікія адкрыцці, прарывы звычайна адбываюцца тады, калі я проста бяздумна малюю. Нататнікі — гэта месца, дзе вы малюеце што заўгодна. Але менавіта там нараджаюцца ідэі. Кожны дзень вылучайце некаторы час, каб проста маляваць, развівацца. Для сябе.
Вы калі-небудзь сядзелі на падлозе і малявалі, як гэта робяць дзеці? Памятаеце, як весела? І няважна, як выглядаў малюнак, калі ён быў завершаны. Проста весела было яго рабіць. Памятаю, як мы з братамі малявалі монстраў і жудасныя замкі. Гэта быў адзін з нашых любімых заняткаў. Мы маглі сядзець і ствараць іх гадзінамі. Мы малявалі іх, бо монстры ды жудасныя замкі нас цікавілі сам працэс малявання забаўляў нас. Не забывайцеся, якім вясёлым можа (і павінна) быць маляванне. Забудзьцеся на тое, што трэба кагосьці ўразіць. Проста атрымлівайце асалоду. Не трэба ціснуць на сябе і думаць, што вы павінны зрабіць нешта неверагоднае. Бо калі вы сядзеце за працу з думкай: “Я павінен зрабіць неверагодны малюнак”, — усё адразу ж скончыцца, і ліст паперы застанецца белым. Проста пачынайце маляваць.
Мэты і тэрміны вельмі важныя   
Хочаце намаляваць графічны раман? Зрабіце гэта. Спыніце размовы і проста зрабіце. Не чакайце, калі з’явіцца больш вольнага часу ці вашыя ўменні маляваць будуць больш дасканалымі. Чым старэйшымі вы будзеце станавіцца, тым менш вольнага часу будзеце мець. І адзіны спосаб удасканальваць свае ўменні — шмат маляваць. Некалькі графічных раманаў вартыя таго, каб іх намаляваць. Проста вызначыце для сябе тэрмін і намалюйце. Тэрміны вельмі важныя. Цяпер я працую над праектам, які на першы погляд падаваўся надзвычай складаным. Але я падлічыў, што калі кожны дзень рабіць па тры малюнкі, то праца будзе завершана прыкладна праз месяц. Таму ведаю, што кожны дзень я павінен ствараць дакладную колькасць малюнкаў, а калі не зраблю гэта, то на наступны дзень мушу зрабіць больш, каб не парушаць задуманы план. Арганізаванасць і ўвага да тэрмінаў дапамагаюць і прымушаюць мяне быць прадуктыўным. Я зрабіў спецыяльную карту, дзе магу адзначаць свае поспехі. Кожны раз, калі частка задання выкананая, замалёўваю колерам маленькую клетачку. Бачыць у вобразе працэс працы проста цудоўна, мяне захапляе і думка, што вялікі праект хутка будзе завершаны. А яшчэ кажу сабе, што калі не зраблю задуманае за месяц, то мой твар хутка высахне і я проста рассыплюся.
Tumblr media
Важна рабіць перапынкі
Калі вы адкопваеце скарб у двары ці стаіце сагнуўшыся над эцюднікам, важна рабіць перапынкі. Яны дапамагаюць трымаць вашу галаву (і цела) свежымі. Мне падабаецца часта рабіць кароткія перапынкі. Малюю цягам гадзіны, потым — прагулка па квартале ці хуткі перакус або проста сяджу і гляджу ў акно некалькі хвілін. Узнагароджвайце сябе за добрую працу!
Не абмяжоўвайце ўплывы
У кожнага з нас ёсць мастакі, якія нам падабаюцца і якія на нас уплываюць. Але адна з самых кепскіх рэчаў, што вы можаце зрабіць, — захраснуць на гэтых мастаках ці спрабаваць імітаваць іх. Так, добра вывучаць мастацтва іншых творцаў і вучыцца ў іх, але не адточвайце майстэрства на работах толькі аднаго ці двух мастакоў, што вам падабаюцца. Вывучайце работы многіх. Калі вы дазваляеце сабе знаходзіцца пад уплывам толькі Джэймса Кочалкі, то вы скончыце як бедны варыянт Джэймса Кочалкі. Але ніхто не малюе як Джэймс Кочалка лепш, чым сам Джэймс Кочалка. Чаму нехта павінен звяртаць увагу на вашу працу, калі яны могуць проста пагартаць кнігу Джэймса Кочалкі? Джэймс Кочалка — выдатны мультыплікатар, і вы можаце многаму навучыцца, звярнуўшыся да яго работ, але пераканайцеся, што вы таксама многаму вучыцеся ў іншых мастакоў. Калі малюеце коміксы, паспрабуйце некаторы час не звяртаць увагі на коміксы іншых. Адшукайце натхненне ў раманах, фільмах пра прыроду, старых відэа, паэзіі ці газетных артыкулах. Вашы коміксы стануць намнога лепшымі. Карысці не будзе, калі адзінай крыніцай натхнення з’яўляюцца ўжо папулярныя коміксы. Тысяча людзей спрабуе зрабіць нешта падобнае да комікса, які вам падабаецца, і большасць з іх не стануць паспяховымі. Важна выходзіць з дома, спрабаваць новае і камунікаваць з людзьмі. Свет насыціць вас новымі ідэямі і новымі крыніцамі натхнення.
Не прыніжайце сябе
Калі вы хочаце, каб людзі паважалі ваш занятак, ставіліся да вас сур’ёзна ці плацілі за тое, што вы нешта малюеце, не сварыцеся на сваю працу. Чаму нехта павінен успрымаць яе сур’ёзна, калі нават вы, чалавек, які зрабіў яе, адкрыта кажа, якое гэта глупства? Калі вы хочаце, каб людзі захапляліся вашай працай (і наймалі вас нешта маляваць), трэба паказаць ім, што вы захопленыя ёю самі.
��ось невялічкая гісторыя пра тое, як навучыўся захапляцца я. Калі мне было 20, адзін з маіх коміксаў разам з творамі іншых, ужо вядомых, аўтараў быў упершыню апублікаваны ў першым томе выдання “Ты не танцор” (You Ain’t No Dancer). Кніга была прадстаўленая на выстаўцы незалежных коміксаў SmallPressExpo, якую я наведаў таксама ўпершыню. Мне пашчасціла сустрэцца і пагутарыць з многімі мастакамі, чые творы таксама ўвайшлі ў кнігу, мастакамі, якімі я сапраўды захапляўся. Зразумела, нерваваўся (Першая выстаўка! Першы апублікаваны комікс! У сапраўднай кнізе! Побач з вельмі-вельмі вялікімі мультыплікатарамі!). Я пабачыў Браяна Лі О’Малі і папрасіў, каб ён падпісаў мой асобнік кнігі “Ты не танцор”. Той з радасцю пагадзіўся. І калі ўжо нешта пісаў у кнізе, я сонна заўважыў, што ў гэтым выданні ёць і мой комікс. Ён ажывіўся. “Сапраўды? Які з іх твой?” — запытаўся Браян і пачаў гартаць кнігу. Спалоханы, я апусціў вочы і сказаў: “О… ммм… ну… ён н�� такі выдатны…” Калі ж паглядзеў уверх, то адразу пабачыў, што сказаў нешта не тое. Цікавасць, якую мастак мог мець да маёй работы, цалкам знікла. Так, аўтар, чыёй працай я захапляюся, думаю, добры чалавек, але вельмі мала ведае пра мяне і маю працу. Я не ўпэўнены, што ён увогуле мяне памятае.
У кожнага з нас бываюць дні ці нейкія перыяды, калі не падабаецца любая работа, якую мы выконваем. Здараецца! І гэта нармальна! Але толькі з-за таго, што вы перажываеце складаны час, не трэба спыняцца маляваць. Нельга прабіць сабе шлях, нічога не малюючы. Проста зразумейце, што не кожны малюнак ці комікс, які вы робіце, будзе бездакорным, і працягвайце працаваць. Праводзьце час за нататнікам. Калі захапленне праектам знікне, запытайцеся ў сябе, чаму праца больш не захапляе? Што вы можаце зрабіць, каб натхніцца зноў? Змяніце нешта!
Малюйце файныя рэчы і выкладвайце іх у інтэрнэт
Я спрабаваў розныя спосабы самапрамоцыі. Рассылаў паштоўкі па пошце, наведваў выстаўкі, слаў халодныя лісты па электронцы і чакаў халодных званкоў ад мастацкіх рэдактараў (усё яшчэ чакаю). Але самая эфектыўная рэч — самая простая: малюйце файныя рэчы і выкладвайце іх у інтэрнэт. Рабіце гэта час ад часу, і будуць здарацца добрыя падзеі. 
Малюнкі Філа МакЭндру
Пераклад з англійскай Марыны Весялухі
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11 ліпеня 2014 года
1 note · View note
vesialuha · 10 years
Text
На скрыжаванні жанраў
У сістэме літаратуразнаўства як навукі крытыцы адводзіцца з аднаго боку дакладная дзялянка — асвятленне і аналіз бягучага літаратурнага працэсу, але з іншага боку, форма прадстаўлення вынікаў гэтага аналізу акрэсліваецца досыць цьмяна. У якім жанры мусіць працаваць крытык? На якія выданні і творы звяртаць увагу, а якія ігнараваць? Ды і зрэшты, хто мае права звацца гучным словам “крытык”?
Зразумела, што адназначна і коратка на гэтыя пытанні адказаць немагчыма. Усё залежыць і ад часу, у які пішацца крытыка на пэўны твор, выдання, у якім друкуецца, і, як апынулася, ад краіны, дзе адбываецца той самы сегмент сусветнага літаратурнага працэсу. То бок рэцэнзіі на адну і тую ж кнігу, напісаныя, да прыкладу, у Чэхіі і Швецыі будуць кардынальна рознымі. Чаму так? Пра гэта і пра многе іншае на семінары для маладых літаратурных крытыкаў, што ладзіўся Беларускім ПЭН-цэнтрам пры падтрымцы сайта bookster.by, распавядалі госці з-за мяжы. Таму знаёмцеся: прафесар Карлавага ўніверсітэта, чэшскі культуролаг, даследчык літаратуры і пісьменнік Марцін Путна і пісьменніца, літаратурны крытык са Швецыі Інга-Ліна Ліндквіст.
“За чысціню літаратурнай дзейнасці!”
Tumblr media
Марцін Путна доўгі час быў актыўным літаратурным крытыкам, пісаў рэцэнзіі на кнігі, мадэраваў дыскусіі, быў ініцыятарам многіх гучных “сварак пра літаратуру” ў прэсе. З мэтай абвергнуць (ці пацвердзіць) тэзу “на сваіх не сварацца” і даказаць, што “крытык існуе”, распрацаваў адмысловую анкету. Каб чытач ведаў, хто піша рэцэнзію, аўтар тэксту мусіў адказаць на пытанні, кшталту: Ці знаёмы крытык з аўтарам асабіста? Ці ёсць у іх агульныя сябры? Да якой літаратурнай групоўкі належыць крытык? Пасля выдання свайго першага рамана спадар Марцін перайшоў на іншы бок: стаў пісьменнікам і даследчыкам гісторыі літаратуры.
— Спадар Марцін, чаму вы лічыце, што аўтар раманаў не мае права пісаць літаратурную крытыку?
— Натуральна, афіцыйна такое права ён мае і можа пісаць, што хоча. Але мне падаецца, што ў такім выпадку чалавек знаходзіцца на скрыжаванні інтарэсаў. Той, хто піша раманы, займаючыся крытыкай, звяртае ўвагу на працу сваіх канкурэнтаў. Гэта, мне падаецца па-за межамі крытычный этыкі, як я яе разумею. Калі пішаш раманы, то ў сваёй дзейнасці, творчасці ты спаборнічаеш з іншымі ў тым жа жанры, а не ў жанры крытыкі. Але, зразумела, ў гісторыі чэшскай літаратуры заўсёды здаралася і здараецца, што адны і тыя ж людзі пісалі і крытыку, і мастацкую прозу, і паэзію. Але я за чысціню дзейнасці ў літаратуры.
— Існуе меркаванне, што крытычны артыкул павінен быць таксама літаратурным творам. Ён мусіць хаця б проста цікава чытацца…
— Сапраўды, той, хто піша пра літаратуру, мусіць быць здольным пісаць літаратуру. І ў крытыцы таксама мусіць прысутнічаць аспект мастацкасці. Калі гэта крытыка для часопіса, а не тэарэтычны літаратуразнаўчы аналіз, то яна павінна змяшчаць эстэтычныя літаратурныя якасці. Такі тэкст мусіць несці не толькі інфармацыю, але і задавальненне ад чытання. Хаця б проста як асалоду ад добрага тэксту.
— У сваёй лекцыі вы распавялі пра шлях, які прайшла чэшская літаратурная крытыка ў сваім развіцці і спосабы аналізу тэкстаў, што былі модныя і запатрабаваныя ў розны час, у тым ліку структуралізм, марксісцкую крытыку. Але ж прагучала і думка, што метад аналізу мусіць дыктавацца асаблівасцямі самога тэксту.
— У асноўным сапраўды так. Філолаг павінен навучыцца розным метадам аналізу. І, па-мойму, кожны твор, эпоха, калі ён быў напісаны, самі дыктуюць метады, што ім найбольш падыходзяць. Да прыкладу, каталіцкі свяшчэннік піша больш як сто кніг пра сябе, сваю маці, сваю маленькую сятру, ��кая загінула, пра жанчын, якіх ён кахаў… Калі характар творчасці аўтабіяграфічны, то ён проста патрабуе глыбокага псіхалагічнага аналізу. Натуральна, тут можна выкарыстоўваць і метад структуралізму, аналізаваць сказы, якія аўтар выкарыстоўваў у тэксце. Але, зрэшты, што з гэтага атрымаецца?
— У вас ёсць любімыя аўтары, пра якіх вы з задавальненнем пісалі крытычныя артыкулы?
— Вядома. Да прыкладу, з антычнай літаратуры мне падабаецца творчасць Вергілія. Я пісаў пра “другое жыццё” яго творчасці — а менавіта водгулле тэкстаў і ідэй у літаратуры і філасофіі Рэнесансу. Падабаецца і творчасць Фрыдрыха Гёльдэрліна, нямецкага паэта-рамантыка. Яго вобразнасць засноўваецца на антычнасці. Але ён не класіцыст па стылістыцы, а рамантнык. Тут антычнасць — светлы, рацыянальны, класічны лад жыцця. Мяне захапляюць і некаторыя чэшскія аўтары. У першую чаргу гэта паэт, якога па-за межамі нашай краіны амаль ніхто не ведае, — Багуслаў Рэйнэк. Ён пры жыцці быў абсалютным маргіналам, жыў з сям’ёй на сваёй сядзібе. Да прыходу камуністаў крыху публікаваўся, але нават тады на яго тэксты ніхто не звяртаў увагі. Потым яго забаранілі як паэта духоўнага. Цяпер Багуслаў Рэйнэк, яго паэзія і графіка становяцца моднымі. Што мне не вельмі падабаецца, бо ён паэт цішыні. Ды сёння пра яго пачынаюць нават крычаць. Мяне прываблівае і чэшскі андэграўнд 1970-80 гадоў, дзе, як ні дзіўна, таксама былі духоўныя рэлігійныя паэты. Але іх рэлігійнасць зусім не традыцыйная: тут малітвы могуць знаходзіцца побач з вульгарызмамі. Але ў спалучэнні ўсё гучыць абсалютна шчыра і натуральна.
Пра кнігі раскажуць… пісьменнікі
Tumblr media
У адрозненне ад прафесара Марціна Путны, які, напісаўшы кнігу, скончыў кар’еру крытыка, спадарыня Іна-Ліна Лінквіст, паспяховы аўтар і досыць вядомы літаратурны крытык, зусім не думае пераходзіць толькі на адзін бок. У Швецыі нават так прынята: пра кнігі мусяць пісаць у асноўным пісьменнікі.
Як распавяла спадарыня Іна-Ліна, на старонках шведскіх газет, на радыё і ў асобных праграмах тэлебачання асабліва вялікую ўвагу звяртаюць на кнігі дэбютантаў і папулярных класікаў. Адметна, што літаратурную крытыку пішуць пісьменнікі — гэтая традыцыя ідзе з даўніх часоў, але заўсёды актыўна абмяркоўваецца. Тым не менш, існуюць і пэўныя абмежаванні. У той год, калі ў пэўнага аўтара выходзіць кніга, яму нельга пісаць рэцэнзій. Нельга пісаць пра кнігі знаёмых, сяброў, сваякоў, а таксама пра прадукцыю таго выдавецтва, з якім супрацоўнічае сам рэцэнзент.
Працэс наладжаны наступным чынам: два разы на год рэдакцыя газет атрымлівае ад выдавецтваў каталогі навінак на сезон. Гэта анонсы кніг, што мусяць выйсці восенню і вясной. Такія каталогі атрымліваюць і крытыкі, што супрацоўнічаюць з пэўнымі выданнямі. На аснове сваіх уласных зацікаўленасцяў і пераваг рэцэнзенты выбіраюць выданні, што мяркуюць прааналізаваць у асобным матэрыяле. У гэтым жа каталогу пазначаны і пэўны дзень, калі ў прэсе мусяць пачаць выходзіць рэцэнзіі на кожную кнігу. Праз некаторы час, калі ўсе перавагі вызначаныя, крытык атрымлівае ад рэдакцыі замову на рэцэнзію адной з абраных кніг.
Што павінна быць у такой рэцэнзіі? Ужо доўгі час ідуць спрэчкі пра тое, ці варта падрабязна пісаць, пра што кніга, пераказваць яе сюжэт. У некаторых выданнях гэта проста абавязковая умова, але некаторыя крытыкі стараюцца цалкам ад гэтага правіла адыходзіць, звяртаючы больш увагі на мастацкія адметнасці тэксту, традыцыі, жанр. Важна таксама паставіць кнігу ў пэўны кантэкст, распавесці і пра ўласныя ўражанні ад выдання. Нельга займаць дыпламатычную пазіцыю і пісаць пра нейтральныя ўражанні. Калі гаворка ідзе пра пераклад, рэцэнзент мусіць звярнуць увагу на ўнёсак перакладчыка, якасць яго працы.
Літаратурныя крытыкі сёння часта кажуць пра феномен скандынаўскага крымінальнага рамана. Гэтыя творы, з простай мовай, але вострым сюжэтам, якія распавядаюць цікавую і захапляльную гісторыю, вельмі добра прадаюцца і прыносяць аўтару немалы прыбытак. Ім супрацьстаяць эксперыметральныя раманы, у аснове якіх — гульня са стылем, мовай. Таму рэцэнзенту важна распавесці чытачу, што ён пабачыць пад вокладкай — гісторыю ці моўны эксперымент. Калі гэта эксперымент, то наколькі ўдалым ён атрымаўся. Ёсць нават цікавы прыклад. Доўгі час праграму пра літаратуру на тэлебачанні вёў пісьменнік, які калісьці вельмі ўдала дэбютаваў з эксперыментальным раманам. Не так даўно ён звольніўся з працы і ўжо пад псеўданімам стаў пісаць папулярныя дэтэктывы з простай мовай.
Для каго крытыкі пішуць рэцэнзіі?
На гэтае пытанне спадарыня Іна-Ліна дае некалькі адказаў:
— Часта для саміх жа рэцэнзентаў, якія, самі з’яўляючыся пісьменнікамі, проста параўноўваюць уражанні ад пэўнага тэксту. Для пісьменнікаў — гэта пэўнага кшталту адказ на тое, ці атрымалася ў яго аказаць патрэбнае ўражанне на чытача, данесці нейкую ідэю. Крыху для чытача, таму важна паставіць кожную кнігу ў кантэкст, параўнаць з іншымі выданнямі і творамі, якія ўжо могуць быць знаёмымі публіцы. Чым вастрэйшай і правакатыўнейшай атрымліваецца рэцэнзія, тым лепш.
Неяк адно выданне рэалізоўвала вельмі цікавы праект. Побач з самім тэкстам рэцэнзіі публікаваліся фотаздымкі старонкі кнігі з тымі паметкамі і заўвагамі, што крытык зрабіў на палях падчас чытання. Думаецца, гэты выдатны спосаб прадставіць чытачу не толькі вынік працы крытыка — тэкст, але і працэс працы з кнігай.
Апроч культурных частак газет, дзе друкуюцца рэцэнзіі на кнігі, у Швецыі досыць вялікай папулярнасцю карыстаюцца кніжныя блогі, аўтарамі якіх з’яўляюцца прыватныя аглядальнікі. Яны кіруюцца ўласнымі густамі пры выбары твораў, але часта найбольш папулярным аўтарам выдавецтвы таксама дасылаюць кнігі для агляду. Такая праца ў большай ступені арыентавана на чытача, то бок непасрэднага спажыўца.
Адметна, што калі пра прозу пішуць пісьменнікі, то аўтарамі рэцэнзій на паэтычныя кнігі мусяць быць паэты ці літаратуразнаўцы. Лічыцца, што толькі паэт можа цалкам зразумець паэта, а літаратуразнаўца здольны патлумачыць чытачу аўтарскую задумку. “Вышэйшым пілатажам” справы лічыцца, калі аўтару праз мову крытычнага артыкула атрымліваецца паказаць мову кнігі. Важна, што культурныя выданні ў цэлым аддаюць перавагу шведскім аўтарам, а на пераклады звяртаюць крыху менш увагі.
Адзін раз на тыдзень у буйных газетах выходзяць агляды дзіцячых кніг. Гэта вельмі прэстыжныя матэрыялы, бо і самі кнігі для дзяцей, выданні з малюнкамі займаюць досыць важкую нішу ў літаратурным працэсе краіны. Рэцэнзіі на гэтыя выданні таксама пішуць спецыяльныя крытыкі, здольныя ацаніць акасць малюнкаў, а таксама для бацькоў, настаўнікаў і бібліятэк паказаць педагагічны кантэкст, у якім можа ўжывацца пэўнае выданне.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Алены Казловай і з сайта bookster.by 
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 16 мая 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Каханне непазбежнае: філасофія жаночага рамана
Простыя формулы для чытача і пісьменніка
Tumblr media
Адметны літаратурны жанр, жаночы, або любоўны, раман не можа выклікаць нейтральнага стаўлення. Нехта шчыра любіць такія кнігі, захапляецца іх смелымі героямі, прыгожымі гераінямі і з нецярпеннем чакае новых твораў ад прызнанах майстраў жанру. Хтосьці ж, наадварот, за вярсту абыходзіць кніжачкі, на вокладках якіх прывабныя жанчыны абдымаюцца з гарачымі мужчынамі, абураецца, калі ў кагосьці ў руках бачыць такое выданне і клянецца, што ніколі ў жыцці сам не возьмецца за гэтае чытво. Трэцяга меркавання, здаецца, не бывае. Усё або нічога.
Ды як бы там ні было, індустрыя выдання і продажу кніг пра каханне не пакутуе на недахоп грошай. Знаходзяцца аўтары, выдаўцы і чытачы. Усё працуе, як зладжаны гадзіннікавы механізм. Аўтары пішуць шмат. Выдаўцы друкуюць вялікія наклады танных асобнікаў. Чытачы набываюць. Чытаюць. Захапляюцца. Знаходзяць у такіх кнігах лекі ад дэпрэсіі, суцяшэнне ў складаных жыццёвых сітуацыях, параду. Ці проста прыемна бавяць час у грамадскім транспарце, на лецішчы ці ў адпачынку.
Кажуць, што беларускія аўтары не пішуць кніг такога кшталту. І што нам увогуле бракуе лёгкага чытва для адпачынку. Можа і праўда. Не стае часу, не жадаюць “апускацца” да ўзроўню “раманчыка”, не бачаць мэтавай аўдыторыі, не ведаюць, як пісаць, бо самі не знаёмыя з падобным чытвом... Думаецца, тут можна дапамагчы. І нагода добрая ёсць — выхад новага рамана папулярнай расійскай пісьменніцы. Разабраны па дэтальках, ён можа стаць выдатным прыкладам для аўтара і карысным арыенцірам для чытача.
Кнігу Кацярыны Вільмонт “Шалый малый”, што выйшла не так даўно пры падтрымцы ТАА “Харвест”, я не выпадкова прапаноўваю ў якасці ўзору. Тут працуюць некалькі фактараў. Навізна выдання і хуткасць водгукаў ад чытачоў, характэрнасць элементаў, а таксама імя аўтаркі. Не падумайце, я не фанатка жанру. Але чаго не зробіш дзеля эксперыменту? Гэты раман я прачытала і гатовая падзяліцца назіраннямі.
Кампанент 1. Імя аўтара. Досыць стандартнае патрабаванне для літаратурнага твора. Другі, трэці, чацвёрты раман пісьменніка набудуць з большай цікавасцю і ахвотай, чым першы, пры ўмове, што дэбют не стаў крахам і правалам. З пісьменніцкай гісторыяй Кацярыны Вільмонт усё выдатна. Як кажуць, тут ужо “залікоўка працуе на студэнта”. Прыхільнікі ведаюць яе папярэднія кнігі, знаёмыя са стылем. Ім надзвычай імпануе той факт, што сама аўтарка апроч уласнай творчасці займаецца перакладамі з нямецкай мовы, а значыць з’яўляецца досыць адукаваным і эрудзіраваным пісьменнікам. Яму можна верыць. Таму і не дзіўна, што ў інтэрнэт-кнігарнях ужо з’явіліся водгукі, кшталту “як толькі пабачыла новую кнігу гэтай пісьменніцы, адразу ж набыла”.
Кампанент 2. Удалае афармленне вокладкі і цікавая назва. Як ужо падрэслівалася вышэй, выява мужчыны разам з жанчынай стандартная для такога жанру. Гэта як знак: героі абавязкова будуць разам, ды і чытач (-ка) абавязкова знойдзе сваё каханне, калі дагэтуль яго не мае. Такая візуалізацыя працуе на карысць і выдаўцу, і чытачу. У дадзеным выпадку перад намі рамантычны, нават сентыментальны варыянт: закаханыя танцуюць, вакол іх адчуваецца атмасфера радасці, шчасця і задаволенасці тым, што адбываецца. Упэўнена, чытач таксама не расчаруецца. Што да назвы, яна павінна і прывабліваць (прыгадайце, самі не раз выбіралі кнігу ці фільм выключна кіруючыся сімпатычнай назвай), і заставацца загадкай. Беручы ў рукі кнігу з назвай “Шалый малый”, можна быць пэўнай толькі ў адным: сумна не будзе.
Гэта былі знешнія фактары, якія дапамогуць прывабіць чытача і прымусіць яго ўзяць у рукі кнігу. Калі атрымалася, то віншую, палова справы па здабыванні поспеху зробленая. Аднак праца над першымі двума пунктамі, як уводзіны да дыплома ці дысертацыі, звычайна робіцца ў самым канцы, калі сама работа ўжо гатовая. Таму звернемся да таго, што мусіць быць пад вокладкай.
Кампанент 3 (самы галоўны) Гераіня. Ад рашэння, якой яна будзе, залежыць поспех кнігі. Будзьце асцярожнымі! Менавіта ёй будуць спачуваць усе чытачкі, ёй будуць суперажываць, параўноўваць яе лёс са сваім і, калі хочаце, асацыіраваць яе з сабой. Ад таго, якой яна будзе: добрай ці злой, разумнай ці не надта, высокай, тоўстай, адукаванай залежаць асноўны настрой і эмоцыі, што ўзнікаюць падчас чытання. Лепш, калі гэтыя эмоцыі станоўчыя. Пагадзіцеся, у паўсядзённым жыцці ў жанчын і так хапае клопатаў і негатыву. За кнігай пра каханне трэба адпачываць. У яе рэальнасць трэба ўцякаць, хавацца. Памятайце, сёння мала зрабіць гераіню проста прыгожай, нават вельмі прыгожай. Мала сказаць, што толькі ад яе выгляду усе мужчыны вакол губляюць галаву. У сучасным свеце правільная Гераіня мусіць быць не толькі і нават не столькі прыгожай, колькі разумнай, самастойнай, паспяховай ва ўласнай справе. Мужчына для яе — не галоўная мэта ў жыцці, а толькі спадарожнік, які падтрымлівае і дазваляе не адчуваць сябе адзінокай. А замужжа — зусім не абавязковае.
Да прыкладу, Гераіня Кацярыны Вільмонт — цалкам правільная. Яна прыгожая. Модны фларыст. Калісьці моцна закахалася ў мастака і ўцякла разам з ім у Францыю. Там вучылася і толькі потым вярнулася на радзіму, ужо з дыпломам знакамітай школы фларыстыкі. Мае ўласны бізнес па афармленні святочных мерапрыемстваў.
Кампанент 4. Герой. Напэўна, другі па значнасці ў агульным палатне расповеду. Бо менавіта з ім у выніку будзе разам Гераіня. Ён абавязаны быць яшчэ больш станоўчым, чым яна. Абавязкова з адметнай рысай: яркімі вачыма, прыгожымі рукамі ці шнарам на шчацэ. Менавіта ў яго мусіць крыху закахацца (ну ці хаця б моцна яму сімпатызаваць) і чытачка. Сустрэча Героя з Гераіняй не выпадковая. Яны нібыта прызначаныя адно аднаму лёсам і проста абавязаны быць разам.
Расійская пісьменніца выдатна спраўляецца і з гэтай задачай. Герой Макар мае вочы незвычайнага блакітнага колеру, ён доктар (а да гэтай прафесіі ў жанчын асаблівае стаўленне), былы марак, мае невялікі домік у Францыі, смелы, шчыры, рашучы. Такому нельга адмовіць, нават калі Гераіня замужам. Яна ж не пойдзе насуперак лёсу.
Кампанент 5. Сяброўка Гераіні. Не абавязковы, але пажаданы і вельмі выгадны для сюжэту кампанент. Яна можа выступаць і ў якасці выказвальніка таемных жаданняў Гераіні і як яе персаналізаваны знешні локус кантролю. У зручны момант яе выгадна ператварыць з сябра ў ворага, прымусіць засесці раман з мужам Гераіні ці проста закахацца ў Героя. Варыянтаў процьма. Але менавіта Сяброўка павінна прысутнічаць разам з Гераіняй падчас усіх важных у яе жыцці падзей.
Кацярына Вільмонт абірае гуманны шлях і робіць сяброўку Насцю дарадцам і памочнікам Гераіні, з якой яны ў выніку разам вядуць бізнес. Лёс Насці выступае і індыкатарам шчасця Гераіні. У параўнанні з ёй Гераіня больш прывабная, шчаслівая і паспяховая.
Кампанент 6. Злачынства. Забойства, спроба забойства, фінансавыя махінацыі, гвалтаванне ці проста пагрозы вельмі выгадна працуюць у сюжэце. З аднаго боку гэта вельмі ўдалы ход для сутыкнення патрэбных герояў, іх знаёмства і магчымасць праявіць сябе. З іншага — выдатны спосаб трымаць увагу чытача ў напружанні. Што ж будзе? І нават калі потым вынік злачынства па сюжэце “спусціць на тармазах”, не прывёўшы кульмінацыі ці развязкі злачыннай лініі, то яго роля будзе ўсё роўна важная: героі пазнаёміліся і ведаюць, як кожны паводзіцца ў экстрэмальнай сітуацыі.
Па сутнасці, Кацярына Вільмонт так і робіць: Героя спрабуюць забіць, а Гераіня яго выратоўвае. Лінія са злачынствам перарываецца (тыя, хто яго за��іваў, проста і досыць лагічна знікаюць з сюжэту), але адносіны герояў — не.
Кампанент 7. Вяселле. Ім неабавязкова заканчваецца расповед (хоць гэта амаль стандартны варыянт), але можа і пачынацца, як у рамане “Шалый малый”. Варта памятаць, што ў кнігах пра каханне вяселлю надаецца намнога большае значэнне, чым у звычайнай прозе. Важна памятаць адно: пасля яго ўсё абавязкова змяняецца. Гэта не проста пераезд у новы дом, новы лад жыцця, але і новы спосаб мыслення для герояў. У выпадку з раманам, што мы разглядаем, трывожныя сігналы і думкі “Не будуць яны разам” між радкоў чытаюцца ледзь не з першай старонкі. Я наўмысна не распавядаю, гэта вяселле Гроя і Гераіні, якія мусяць пераадолець усе сумненні і быць шчаслівымі, ці гаворка ідзе пра нейкіх іншых персанажаў. Усё ж варта паважаць пачуцці тых, хто кнігу яшчэ будзе чытаць.
Кампанент 8. Прысутнасць “былога” ці “былой”. Нішто не выклікае такой цікавасці, як стасункі каханага з “былой”. Простая жаночая цікаўнасць. Тым больш, калі гэтая самая “былая” прыходзіць на вяселле, шукае сустрэчы з Гераіняй і кажа, што менавіта ёй наканавана быць разам з гэтым мужчынам. І не проста мірна размаўляе, але і ладзіць гістэрыкі, б’е шкло ў машыне, усяляк нагадвае пра сябе. Больш за тое, сама гісторыя іх кахання, вялікага і нібыта моцнага, знарок замоўчваецца аўтаркай. Канечне, да часу, аднак гэта неверагодна інтрыгуе чытачку.
Тут аўтар можна даваць волю фантазіі і прыдумваць проста фантастычныя варыянты развіцця падзей у мінулым. Чым вастрэй канфлікт, чым глыбей рана ад здрады, тым лепш. У гэтым выпадку ўсё павінна працаваць ад адваротнага: чытачка мусіць радавацца, што ў яе жыцці такога не было і не будзе, а калі было ці будзе (не дай бог), то яна ніколі не стане паводзіць сябе менавіта такім чынам.
Кампанент 9. Happy End. Класіка жанру. Абавязковы элемент. Без яго раман будзе незавершаны і чытачы маюць права чакаць працягу. Герой паводле правілаў застаецца разам з Гераіняй. У іх вяселле. Яны сядзяць разам на беразе возера. Плывуць на караблі. Капаюць бульбу. Ці проста сустрэліся выпадкова ў горадзе, і ўсім зразумела, што каханне непазбежнае… І нават калі здараецца так, што “яны не могуць быць разам”, пісьменнік павінен зрабіць акцэнт на іншым станоўчым моманце.
Чытачка мусіць заплакаць ад шчасця і радасці за гераіню, выцерці слёзы, адкласці кнігу і пачаць гатаваць мужу вячэру. Ці апрануць самую прыгожую сукенку і выйсці на шпацыр. А раптам сустрэне свайго Героя? Зрэшты, можна проста жыць далей. Ці адгарнуць першую старонку новага рамана пра чыёсьці каханне. А сваё і так прыйдзе. Абавязкова.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 16 мая 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Лялькі і лялечнікі
Tumblr media
Складана нават прадбачыць, калі наступіць страшны момант змены роляў: пісьменнік перастане быць стваральнікам лёсу героя і сам апынецца пад яго ўладай. Герой будзе кіраваць яго жыццём, уплываць на лёсы яго сяброў і сваякоў, як лялька, што сарвалася з нітачак лялечніка, ва ўсю сваволіць і патрабаваць усё больш і больш увагі. Варта хаця б прыгадаць лёс Крыстафера Робіна Мілна, сына вядомага пісьменніка Алана Мілна, які ўсё жыццё ненавідзеў бацьку за тое, што сам стаў героем яго знакамітай кнігі пра Віні-Пуха. Ці прыклад Артура Конан Дойла: чытачы пісалі лісты не яму, а Шэрлаку Холмсу, прасілі дапамагчы, разгадаць загадку ці проста знайсці ката, які ўцёк ці знік. Ды што казаць, нават маці часам звярталася да сына-пісьменніка з просьбамі падпісаць кнігі для яе сябровак не ад свайго імені, а ад імя Шэрлака.
Што рабіць аўтару з такім героем? Можна працягваць падпарадкоўвацца яму: прыдумваць новыя складаныя сюжэты, дзе лялька магла б зноў і зноў паказваць свае найлепшыя якасці і здольнасці. Ці вырвацца з яго рабства — то бок у чарговай главе ці новым апавяданні проста забіць гэтага ўжо ненавіснага героя. Паралельны раман, дзеянні якога адбываюцца ў наш час, а таксама ў 1890-я гады, дэтэктыў, літаратурная загадка і містыфікацыя, новы пункт у амаль бясконцай Шэрлакіяне — гэта ўсё пра кнігу Грэма Мура “Дзённік Шэрлака Холмса”, што не так даўно пабачыў свет пры падтрымцы ТАА “Харвест”. Яна упершыню выйшла ў ЗША ў 2010 годзе і трапіла ў спіс бестселераў па версіі газеты The New York Times.
Нягледзячы на назву (у арыгінале The Sherlockian), раман не зусім пра Шэрлака, больш правільна было б сцвярджаць, што ён пра Конан Дойла. Аўтар малюе вобраз самога пісьменніка, а таксама распавядае адразу дзве дэтэктыўныя гісторыі: адна з іх адбываецца ў пачатку ХХ ст. і змяшчае следства, якое праводзіць Дойл разам з іншым вядомым аўтарам Брэмам Стокерам. Следства выдуманае, аднак у пасляслоўі аўтар сцвярджае, што падобная справа сапраўды была. Другая ж гісторыя адбываецца ў наш час, цяпер у цэнтры ўвагі чытача апынаецца літаратуразнаўца і заўзяты шэрлакіянец Гаральд Уайт. Ён становіцца ўдзельнікам вельмі небяспечнай гульні — палявання за страчаным дзённікам Конан Дойла (якраз у ім мусіць тлумачыцца, чаму пісьменнік забіў свайго героя, а праз некалькі гадоў зноў вярнуў яго да жыцця). Пры загадкавых абставінах гіне іншы даследчык Алекс Кейл, і менавіта Гаральд, выкарыстоўваючы адмысловыя шэрлакаўскія метады, праводзіць пошукі і забойцы, і дзённіка Дойла. Абедзве гісторыі вельмі дынамічныя, сюжэт насычаны, таму чытаць кнігу надзвычй цікава. Кожны раз чакаеш “пераключэння” ў іншую лінію, каб даведацца, што ж адбываецца з героямі ў тым часавым вымярэнні. Ну і развязка на ўзроўні.
Кніга сапраўды зачароўвае. Сюжэтам. Героямі. Атмасферай. Толькі ўявіце, што вы трапілі ў Лондан пачатку ХХ ст., назіраеце за Конан Дойлам, Брэмам Стокерам, Оскарам Уайлдам... У пасляслоўі ад аўтара пісьменнік тлумачыць, якія з падзей кнігі сапраўды адбываліся, а якія былі цалкам прыдуманыя, распавядае рэальную гісторыю са зніклым дзённікам пісьменніка, а таксама раіць чытачам наведаць знакамітыя дойлаўскія — шэрлакаўскія мясціны. “Пагуляйце паміж крэслаў, лямп і сіфонаў са старога кабінета Артура Конан Дойла, — піша Грэм Мур, — Хто ведае, што вы там знойдзеце”. 
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 8 мая 2014 года
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
У метро, за вершамі
Tumblr media
Сёння часта можна пачуць трывожныя выказванні пра зніжэнне агульнай культуры насельніцтва краіны, выкліканае нізкай цікавасцю да літаратуры і чытання. Гэта сапраўды так. Але ці так усё страшна, і магчымасць павысіць інтарэс да кнігі незваротна страчаная? Можа, шанец яшчэ ёсць?
Не так даўно сястра прывезла з Лондана незвычайны сувенір — маленькую кніжачку-брашурку з вершамі сучаснікаў і англійскіх класікаў пра метро. Адметна, што такія кніжачкі ў метро брытанскай сталіцы распаўсюджваюцца бясплатна. Гэтае невялічкае выданне пабачыла свет у мінулым годзе, і яго выхад быў прымеркаваны да 150-годдзя лонданскага метро. Апынулася, што праект London Poems on the Underground (Лондан. Вершы ў метро) ужо мае сваю досыць багатую гісторыю. Схему “Вершы ў метро” больш як 25 гадоў таму прапанавала амерыканская пісьменніца Джудзіт Чарняк, якая першапачаткова паставіла мэту пазнаёміць шырокую аўдыторыю з паэзіяй.
Вершы, якія адабраюцца Джудзіт, а таксама Сесіліяй Герберт і Джэрардам Бэнсанам, друкуюцца на адмысловых постэрах і змяшчаюцца ў вагонах метро ў месцах, прызначаных для рэкламы. Колькасць постэра ў таксама ўражвае — 3 тысячы! Яны звычайна змяняюцца тройчы на год. Адметна, што праект падтрымаў мэр Лондана, гарадская транспартная кампанія, Брытанскі Савет і Мастацкі Савет Англіі.
Ініцыятыва “Вершы ў метро” сталася надзвычай паспяховым праектам. У вагонах лонданскага метро можна пабачыць розныя вершы. Гэта класічная і сучасная паэзія, пераклады і творы зусім маладых аўтараў. Адмысловыя даследаванні даказалі таксама, што пасля прачытання верша ў метро пасажыры ўжо самі працягваюць знаёмства з творчасцю пэўнага аўтара. Больш за тое, з цягам часу вершы сталі збірацца ў адмысловыя анталогіі і маленькія брашуркі. Брашуркі распаўсюджваюцца бясплатна, а кнігі і постэры з вершамі можна набыць у краме Лонданскага музея транспарту.
Важна таксама, што брытанскую ініцыятыву падхапілі ў іншых краінах. Да прыкладу, у сталіцы Польшчы прайшла акцыя Wiersze w Metrze. Пагадзіцеся, выдатна было б, каб і ў мінскім метро замест рэкламы можна было пабачыць верш, а падчас паездкі пагартаць паэтычны зборнічак.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 8 мая 2014 года
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Паміж горадам і вёскай
Tumblr media
Аўтарскі голас пісьменніка Андрэя Федарэнкі можна назваць цалкам традыцыйным, ці нават класічным для беларускай літаратуры. Ён не містыфікуе чытача, не гуляе з ім і не ўзвышаецца, спекулюючы на тым, што ведае пра сваіх герояў і сюжэт нашмат больш, чым тыя, хто толькі што ўзяў у рукі кнігу і пачаў чытаць. Ён проста і няспешна распавядае сваю гісторыю. Без маралізатарства, але з адпаведнымі сэнсавымі акцэнтамі. Напэўна, па гэтых прычынах пісьменніка вельмі любяць і чытачы, і даследчыкі літаратуры, а выхад кожнай яго новай кнігі становіцца сапраўднай падзеяй. Сціплай, ды значнай. Бо сам аўтар не любіць шумных прэзентацый і голасных прамоў. Навошта казаць — за яго лепш скажуць творы.
Усе гэтыя рысы актуальныя і для новай кнігі Андрэя Федарэнкі “Ціша”, што не так даўно выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У зборнік увайшлі дзве новыя аповесці і некалькі кароткіх апавяданняў, якія былі напісаны аўтарам у розныя гады. Думаецца, у межах адной публікацыі варта засяродзіцца менавіта на загалоўнай аповесці.
Твор з назвай “Ціша”, цэнтральны для кнігі, пераносіць чытача ва ўмоўнае беларускае мястэчка Чэшская Слабада. Гэта ўжо не зусім вёска, але яшчэ не горад. Жыхары Слабады маюць уласныя хаты, агароды, гадуюць свойскіх жывёл, аднак, выйшаўшы на ўскраек вёскі, бачаць высокія дамы горада. Мець кватэру ў таксама ўмоўным “мікрараёне” — мара мясцовых, яшчэ большая мара — жыць у цэнтры горада. Тут, у слабадской цішы разам з маці і бабуляй жыве хлопчык Петрык. Ён гуляе з сябрамі, ходзіць у школу, паступова расце і сталее. Вачыма Петрыка мы бачым асноўныя падзеі аповесці. Менавіта ён сам сабе (але заадно і чытачу) задае самыя важныя пытанні: чаму бацька не можа жыць з імі, а працуе і падарожнічае дзесьці на Поўначы? Чаму бацька ўсё жыццё варагуе-спаборнічае з братамі? Чаму смерць Брэжнева для некаторых людзей (а менавіта герояў аповесці) становіцца большай трагедыяй, чым сыход уласнай маці ў лепшы свет?
“Ціша” — назва сімвалічная. Гэта і ўмоўная цішыня мястэчка, якое яшчэ не праглынуў горад, і цішыня ў доме, якая наступае пасля смерці роднага і блізкага чалавека (у дадзеным выпадку бабулі Петрыка), і мянушка сабачкі, які жыве ў гарадской кватэры дзядзькі. Аўтар нездарма ўводзіць у сюжэт гэтую маленькую гераіню. Для дзядзькі Ціша — амаль цэнтр свету, самая блізкая і важная істота. Гэта падавалася б натуральным, калі б ён быў надта адзінокім чалавекам, але ў яго ёсць жонка, дачка, браты і маці.
Аповесць “амаль пра вёску” і па традыцыі, што ўжо склалася ў нашай літаратуры, — “амаль пра вайну”. Не, тут няма згадкі баявых дзеянняў, не гаворыцца наўпрост, што нехта з герояў ваяваў, але ёсць развагі пра тое, як сёння (дакладней, у 1980-я, у час расповеду) вайна адгукаецца ў лёсах простых беларусаў. Справа ў тым, што дзядуля Петрыка загінуў на вайне. Але загінуў “няправільна”: ён памёр ад сардэчнага прыступу, калі падчас абароны Слабады атрымаў магчымасць забегчы ў родны двор і абняць дрэўца, якое некалі сам садзіў. Пахаваны ён таксама “няправільна”: не ў брацкай магіле, разам з салдатамі, а на вясковых могілках, пад звычайным драўляным крыжам. З-за гэтай адметнасці бабулю Петрыка на некаторы час нават пазбаўляюць спецыяльнай грашовай дапамогу ўдовам салдат, бо яна адмаўляецца пераносіць прах мужа ў брацкую магілу, пад вялікі помнік.
Вельмі важна, што хлопчык знаходзіць сабе добрага настаўніка. Леанід Міхайлавіч, сусед дзядзькі Стаха, становіцца для Петрыка блізкім сябрам і дарадцам. А для аднакласнікаў — нагодай для зайздрасці і прыкметай нейкай “хітрасці” хлопчыка. Шкада, што ў наступным навучальным годзе настаўнік не будзе больш працаваць у школе. Петрык застанецца амаль адзін. Толькі з маці.
Цікава назіраць за тым, як расце і сталее Петрык, чытаць яго разважанні пра дарослае жыццё і тыя прынцыпы, якімі ён сам кіруецца, прымаючы нейкія рашэнні. Ён разумны, ветлівы і дапытлівы. Упэўнена, вырасце добрым чалавекам. Шкада, што апавядальнік прыпыняе размову ці не на самым пераломным для героя моманце. Гэта смерць бабулі, амаль у адзін дзень са смерцю Брэжнева. Пасля гэтага дня жыццё не будзе ранейшым. У вялікай краіне. І пакуль маленькім свеце Петрыка.
Спадзяюся, працяг будзе, і гісторыя сталення хлопчыка з Чэшскай Слабады ячшэ працягнецца ў наступных творах.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 8 мая 2014 года
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Мимо солнца и крыльев
Tumblr media
Даже не пытайтесь читать эту книгу, если вам грустно, вы скучаете по любимому человеку или недавно пережили расставание. Строчки “запах твой вкуснее молока на небе”, “надсадно мысли корчились ― к тебе”, или же строфа:
всё к чему я прикасаюсь губами
хранит твой вкус:
и это небо!
и эти звёзды!
и эта нежность!
ещё больше растревожат душу и насыплют соли в незажившие раны, а чувство “плакать как предать” ― прежде всего себя ― забудется и сменится желанием: “я побегу искать тебя / по фотографиям и снам”. Но в итоге же всё равно “ждёшь ждёшь ждёшь ждёшь ― / а потом пустота. веришь”…
Но если у вас всё в порядке в личной жизни или же вы любите себя мучить переживаниями, то смело берите в руки книгу Дианы Арбениной “Аутодафе”, ведь кроме боли от расставаний, неразделённых чувств и грусти, в ней много действительно ярких образов, хороших стихов. Например, этот:
вы вчера вдруг заметили
что ваш пух слился с тополем.
вашим крыльям больше столетия.
так взлетайте! к чему эти вопли
Арбенину, лидера российской рок-группы “Ночные снайперы” и поэтессу, кстати, уроженку Воложина, но теперь искренне влюблённую в Питер, иногда упрекают в том, что её книги выходят чаще, чем диски группы. Не думаю, что это действительно так, тем не менее на счету певицы уже 8 сборников стихов, причём сама Диана в числе знаковых называет лишь три книги: “Дезертир сна” (2007), “Колыбельная по-снайперски” (2008) и “Аутодафе” (2012). Историю написания последней в одном из интервью Арбенина рассказала так:
― Однажды я проанализировала всё написанное и решила опубликовать то, что у меня есть. В книгу вошли даже тексты, относящиеся к 1993 году, когда я только начинала писать песни, стихов тогда ещё не было. И это не такие сильные вещи, нежели те, которые я написала позже. Но мне совершенно не стыдно их показывать. На момент составления книги у меня за душой больше ничего не было, но буквально вчера я написала новую песню.
В книге “Аутодафе” можно найти как тексты уже знакомых песен “Ночных снайперов”, так и стихи, или как их называет сама поэтесса ― “антипесни”. Автор отмечает, что для неё “между ними есть чёткая дифференциация: либо это песня, либо поэтический текст, “антипесня”. Cадясь писать, я чётко знаю, что это будет. Исключения очень редки. Стихи и песни для меня ― непересекающиеся жанры”.
О чём пишет Арбенина-поэт? О любви, разлуке, встречах и расставаниях, внутренней борьбе, о полётах, о небе (а оно здесь иногда бывает ― поклон белорусскому языку ― “блокитным”), облаках, птицах, о разных городах и их влиянии на судьбу человека, об искусстве и роли художника… И всё ― задумчиво, красиво и достаточно кратко, например, как в стихотворении “Подвиг артиста”:
настойчиво худо. предельно нервически.
а внешне ― азартно! а внешне ― стоически!
Важную роль в этой книге стихов играют иллюстрации. Маленькие, элегантные, вроде простые, но выполненные со вкусом, они как дополняют стихотворные образы, так и “работают” совершенно самостоятельно. Их автор ― питерская художница и давний друг “Ночных снайперов” Виолеттa Суровцевa. Она нарисовала то, что чувствует и сама выбирала тексты для иллюстраций. Если цитировать Арбенину (конечно, в отрыве от контекста стихотворения), то как нельзя кстати будут следующие строки:
Сколько смотреть ―
не насмотреться.
мало…
Философские рассуждения Дианы превращаются не только в песни и стихи, но и в прозу, и даже в спектакли. Так, в книге “Аутодафе” можно прочесть либретто моноспектакля “Мотофозо: 35 юбилейных песен”. Он прошёл в Москве, на сцене МХАТ имени А. Чехова в июле 2009 года, когда Арбенина праздновала 35-летие. “часто мы внешние и внутренние очень сильно не совпадаем. именно об этом я всерьёз задумалась, наблюдая за собой в канун последнего молодого юбилея. и именно об этих серьёзных несоответствиях решила рассказать в спектакле”, ― пишет Диана в послесловии к книге. Что ж, всё получилось. Ведь моноспектакль стал тоже достаточно успешным проектом.
Если вернуться к упрёкам о более активной писательской деятельности Арбениной, чем музыкальной, то нужно отметить, что в сентябре выйдет новый альбом “Ночных снайперов”. И, кстати, тексты ��овых песен уже можно найти в книге.
такая история ― бостон.
целую твои брови.
Марина Веселуха
опубликовано в газете "Літаратура і мастацтва" 20 июля 2012 года
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Мой Маркес
Tumblr media
Кажуць, што няма прарокаў у Айчыне сваёй, што прайшоў той час, калі голасам нацыі былі пісьменнікі, якія ў сваіх выдатных творах не толькі выказвалі агульныя для ўсяго народа ідэі, але і праграмавалі будучыню краіны. Кажуць, што прэзідэнтам дзяржаў сёння літаратура ніяк не дапаможа ў паўсядзённай працы, з-за “класічнасці” свайго зместу не падкажа рашэння надзённых пытанняў. Але гэта не зусім так. Прыклад Габрыеля Гарсія Маркеса, пісьменніка з сусветным іменем, нобелеўскага лаўрэата ў галіне літаратуры даказаў усяму свету адваротнае. Сваім жыццём, творчасцю, а цяпер ужо і смерцю.
Жалобная цырымонія развітання з пісьменнікам прайшла ў панядзелак у Мехіка. Адметна, што яе ўзначалілі мексіканскі прэзідэнт Энрыке Пенья Ніета разам з яго калумбійскім калегам Хуанам Мануэлем Сантасам. Задумацца толькі ― прэзідэнты дзвюх дзяржаў падчас жалобнай цырымоніі аддалі даніну павагі, памяці, выказалі словы любові да творчасці пісьменніка, суайчынніка. Больш за тое, у сваіх выступленнях яны падкрэслівалі значнасць твораў Маркеса для развіцця калумбійскага, мексіканскага народаў, Лацінскай Амерыкі ў цэлым.
Выдатны празаік, філосаф, Габрыель Гарсія Маркес пакінуў нам багатую спадчыну. Мы развіталіся з чалавекам, які хадзіў па гэтай зямлі і дыхаў паветрам, але яго творы застануцца з намі назаўсёды. Нездарма ж кажуць: творцы не паміраюць, пакуль іх кнігі чытаюцца і перачытаюцца. Усцешвае тое, што шматгадовы канфлікт з перадачай правоў на пераклад і публікацыю кніг самага вядомага аўтара Лацінскай Амерыкі вырашыўся станоўчым чынам, сёння яны належаць выдавецтву “АСТ”, а ў Беларусі гэтыя выданні выходзяць пры падтрымцы ТАА “Харвест”.
У межах адной невялічкай публікацыі немагчыма распавесці пра ўсе любімыя кнігі, напісаныя гэтым выдатным калумбійцам, таму абмяжуюся толькі згадкай дзвюх самых-самых яркіх і адметных менавіта для мяне. Падкрэслю, што культавы раман “Сто год адзіноты” я таксама люблю, думаю, у гэтым са мной пагодзяцца многія чытачы. Але пра яго ўжо столькі напісана! Столькі сказана! Ён выклікае столькі яркіх пачуццяў і эмоцый, што ўрэшце, згадаўшы іх, зноў вазьму ў рукі свой зялёненькі асобнік гэтай кнігі… Уражанні ж ад кніг, пра якія збіраюся распавесці, яшчэ свежыя, бо ў рускамоўным перакладзе яны пабачылі свет адносна нядаўна.
Tumblr media
“Жыць, каб распавядаць пра жыццё” ― не проста мемуары, гэта сапраўдная падзея ў свеце літарутры, асобна ўзятага чытача і нават цэлай краіны. І справа не толькі ў тым, што гэта першы твор Маркеса, напісаны пасля 1973 года, які быў легальна выдадзены ў Расіі (дагэтуль у СССР дзейнічаў закон, што прадугледжваў свабодны выпуск усіх твораў, напісаных да 1973-а), але і ў падыходзе аўтара да ўласных мемуараў. Як іх пісаць? Кіравацца толькі сапраўдным ходам падзей і распавядаць пра тое, што мела месца ў рэчаіснасці? Ці, спасылаючыся на кепскую памяць, прыдумляць усё, што заўгодна, і выдаваць за праўду?
Здаецца, што адказ схаваны ўжо за першымі словамі кнігі, дакладней, эіпіграфам да яе: “Жыццё ― гэта не толькі тое, што чалавек пражыў, але і тое, што ён памятае, і тое, што пра гэта распавядае”. Пагадзіцеся, надзвычай зручная пазіцыя: што б ты ні сказаў, што б ні напісаў ― гэта тваё жыццё, ужо толькі таму, што сюжэт, героі і падзеі існуюць у тваёй свядомасці. Ды калі станавіцца на бок чытача, яму таксама важная не праўдзівасць і храналагічная паслядоўнасць выкладання фактаў, але перадусім ― добры тэкст, які захоплівае з першых жа радкоў, і шчыры, даверлівы голас аўтара, што гучыць са старонак.
А голасу Маркеса нельга не паверыць. Ён, як сябар, распавядаючы пра сябе, прыслухоўваецца і да меркавання суразмоўцы-чытача, нейкім магічным чынам паглынаючы яго думкі. Дарэчы, магіі ў кнізе таксама дастакова, і будзённыя падзеі надта ж часта пераходзяць мяжу рэчаіснасці, заставаючыся і рэальнымі, і магічнымі адначасова. Да прыкладу, як вам вобраз папугая, які прадказвае ўварванне дзікага быка ў дом сям’і Маркесаў? Ці момант, калі аўтару ў люстэрку, замест свайго, бачыцца твар памерлага сенатара? Ды ёсць у расповедзе аспекты, у рэальнасці якіх нават і не выпадае сумнявацца: палітычныя крызісы, кравопралітныя войны, журналістыка, літаратура, п’янкі, жабрацтва, першая слава. Менавіта яны складаюць асноўную канву сюжэта і прымушаюць задумацца: а можа, у пісьменніка не такая ўжо кепская памяць, як ён удае? У такім выпадку, магчыма і астатняе ― таксама праўда яго жыцця?
Tumblr media
“Дванаццаць апавяданняў-падарожнікаў”. Прызнаюся, да знаёмства з гэтай кнігай я досыць насцярожана ставілася да кароткай прозы. І калі лірычныя мініялюры яшчэ неяк чытала і разумела, то пры знаёмстве з апавяданнямі мне было вельмі крыўдна. І за сябе, і за астатніх чытачоў. Здаецца, ты толькі пазнаёміўся з героямі, даведаўся нейкія факты з іх жыцця, пачаў камусьці спачуваць… і апавяданне заканчваецца на самым цікавым месцы. Што далей?
Але кароткія апавяданні Маркеса мяне ўразілі настролькі, што я, не спыняючыся, літаральна праглынала адзін расповед за другім. Іх дзеянні адбываюцца ў розных гарадах ― Барселоне, Жэневе, Рыме, Парыжы. Калісьці Маркес бываў там, і ў гэтых ка��откіх тэкстах паказаў іх такімі, якімі памятаў. Пазней вырашыў вярнуцца ў гэтыя ж мясціны і параўнаць адчуванні.
Апынулася, што гарады, у якіх адбываюцца дзеянні апавяданняў, за такі доўгі час сталі цалкам нерэальнымі і фантастычнымі. Іх больш не існавала ў ранейшым выглядзе. Але менавіта гэтая акалічнасць і дадала тэкстам асаблівага прыцягнення, дзіўнага настрою ― зрабіла малюнак выпуклым, дапоўніўшы яго новым часавым вымярэннем. Асаблівай увагі заслугоўваюць героі расповедаў. Яны таксама незвычайныя. Да прыкладу, маладая, вельмі прыгожая дзяўчына памірае, усяго толькі крыху параніўшыся шыпом ружы. Дзеці, якія плаваюць у кватэры на лодцы ― у струменях святла. Загадкавая жанчына, якая “наймалася бачыць сны” і тлумачыць іх зранку на галодны страўнік.
Амаль усе апавяданні, хоць і пісаліся вельмі доўга, шмат разоў перарабляліся і аказваліся страчанымі, згубленымі, былі скончаны пісьменнікам фактычна адначасова. Паводле задумкі, яны не павінны гладзецца як зборнік, а ўспрымацца ў якасці цэласнай кнігі, паступова “перацякаючы” адзін у аднаго і пакідаючы аднолькавае ўражанне. Па сутнасці, так і атрымалася. Гэта ж Маркес!
На шчасце, паліца кніг Габрыеля Гарсія Маркеса досыць багатая на раманы, аповесці, апавяданні… Знаёміцца з яго творчасцю можна басконца доўга. А можна ― увесь час перачытваць любімыя кнігі гэтага аўтара і адчуваць: ён свой, ён побач.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацва" 25 красавіка 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Эльдарада для перакладчыка
Tumblr media
Ва ўніверсітэце, на занятаках у межах спецкурса “Інтэрпрэтацыя паэтычнага тэксту” мы працавалі ў асноўным з рускамоўнымі перакладамі англійскай і амерыканскай класікі. Ды што казаць, нават тыя перастварэнні, што сталі метадычным матэрыялам, ужо самі могуць лічыцца класікай перакладу. Гэта работы Самуіла Маршака, Барыса Пастарнака, Уладзіміра Набокава… У той час я заўсёды думала: няўжо ніхто з сучасных беларускіх паэтаў не наважыўся, апроч Шэкспіра, перакласці, да прыкладу, вершы Эдгара По, Эзры Паўнда ці Джона Дона?
Натуральна, я ведала пра тое, што ў нас актыўна працуюць перакладчыкі, але іх творчыя эксперыменты тады было досыць складана знайсці. Новая кніга паэта Андрэя Хадановіча “Разам з пылам” (Мінск: Кнігазбор, 2013) мяне пераканала канчаткова. У нас ёсць вартыя ўвагі пераклады, ёсць творцы, якія не лянуюцца шукаць спосаб шырокі змест кароткіх англамоўных радкоў укладаць у такія ж кароткія ды змястоўныя беларускамоўныя. І яшчэ падкрэслю: гэта не той выпадак, калі аўтару пераклада патрэбна сарамліва і сціпла хавацца ў апошнім радку пад тэкстам ці проста “залезці” ў змест.
Пра такую калекцыю перакладаў (а менавіта так пазначаецца на вокладцы), думаю, марыць кожны, хто спрабуе сябе на ніве перастварэння паэзіі. Бо здаецца, і перакладаеш шмат, і вартых увагі варыянтаў перакладу хапае, але скласці іх усе ў адну кнігу, пры гэтым на вокладцы пазначыўшы, што гэта менавіта твае спробы, досыць складана. Патрэбна сапраўдная сістэма, колькасць, якасць. Але ў Андрэя Хадановіча ўсё атрымалася выдатна.
У кнігу ўвайшлі пераклады з сямі моў свету, якія рабіліся цягам пятнаццаці гадоў. Гэта і класіка, і сучасная паэзія, і нават песні. Некаторыя з тэкстаў можна было пачытаць раней у адмысловых тэматычных зборніках (да прыкладу, у кнізе беларускамоўных перакладаў Эдгара По “Маска чырвонае смерці”) ці ў паэтычных зборніках самога Андрэя Хадановіча, але менавіта разам, сабраныя пад адной вокладкай, пераклады распавядуць нашмат больш. І пра густы іх аўтара, і пра ўласна яго майстэрства да перастварэння сусветнай класікі паэзіі па-беларуску. Ды што казаць, гэтае выданне можа стаць выдатным матэрыялам для дысертацыйнага даследавання па тэорыі паэтычнага перакладу.
Ці можна давяраць Хадановічу? Думаю, можна. У перакладзе паэзіі з пэўнай мовы свету ёсць свае “экзаменатары”, чые творы асабліва складана перастварыць. У амерыканскай такім аўтарам з’яўляецца Эмілі Дыкінсан. Мала каму ўдавалася выразна і таленавіта перакласці яе кароткія, але такія змястоўныя вершы. Чытаць Дыкінсан у перакладзе Хадановіча — адно задавальненне. І аўтарскі стыль паэткі не губляецца, і радок застаецца такім жа сціслым, і дадатковыя сэнсы захоўваюцца.
“Мой ліст — да Свету, хоць пісьма / Свет не напіша мне,” — піша ўслед за амерыканскай аўтаркай беларускі паэт. Ці ж не выдатна піша? Можа, і Свету захочацца адказаць на гэты своеасаблівы перакладчыцкі ліст?
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11 красавіка 2014 г.
0 notes
vesialuha · 10 years
Text
Дударская навука па-лонданску
Tumblr media
Другая міжнародная дударская канферэнцыя прайшла ў Лондане. Сёлета ў межах форуму гучалі дуды з Грэцыі, Шатландыі, Францыі, Маёркі, а таксама… Беларусі. Даклад, прысвечаны гісторыю беларускіх дудаў і іх сучаснаму адраджэнню прачытаў музыка, даследчык, намеснік старшыні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Яўген Барышнікаў.
— Узровень сёлетняй канферэнцыі быў такім жа высокім, як і ў мінулым годзе, — распавядае адзін з арганізатараў канферэнцыі, этнамузыколаг, магістр мастацтваў Касандра Балоса-Бардзін. — Думаю, што на гэты раз да нас завітала больш гасцей з-за мяжы — а гэта яшчэ адно пацверджанне значнасці імпрэз падобнага кшталту. Яны аб’ядноўваюць навукоўцаў і музыкаў з розных краін свету. Леташнюю канферэнцыю здымалі на відэа для тэлеканала BBC, а ў гэтым годзе да нас завітала Турэцкае нацыянальнае тэлебачанне. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў і даследчыкі з Турцыі стануць удзельнікамі гэтага міжнароднага форуму. Я вельмі ўражаная рухам па адраджэнні дуды, што цяпер назіраецца ў Беларусі. Прэзентацыя Яўгена Барышнікава паказала прысутным, што ў вашай краіне традыцыі набываюць новае жыццё. Трансфармуючыся ў сучасным свеце, яны захоўваюць і старажытныя рысы. Культура Беларусі не вельмі добра вядомая ў Заходняй Еўропе, і я рада, што канферэнцыя дала Яўгену магчымасць прадставіць адзін з яе бакоў розным даследчыкам і музыкам.
Ці складана было беларусу фактычна ўпершыню распавядаць такой шырокай міжнароднай аўдыторыі пра адраджэнне нашай дударскай традыцыі? Чаму быў абраны менавіта такі падыход — аб’яднанне гісторыі і сучаснасці дударства Беларусі ў адным дакладзе?
— Дагэтуль не было публікацый пра дуды Беларусі, даступнай англамоўнай, а значыць і ўсёй замежнай аўдыторыі, — распавёў Яўген Барышнікаў. — Таму мне было важна хаця б у агульных рысах раскрыць тэму, закрыць нашую “белую пляму” на дударскай мапе свету. Галоўны акцэнт я зрабіў на “этнаграфічных” дудах. Акрэсліў рэгіён распаўсюджання такой канструкцыі дуд, які ўключае акрамя поўначы Беларусі яшчэ Аўкштайцію, Латгалію і захад Смаленшчыны і Цвершчыны. Этнічная сітуацыя ў азначаным рэгіёне дазволіла ў якасці намінацыі прапанаваць тэрмін “беларуска-літоўская дуда” (менавіта ў такім парадку), які паводле наяўнай на сёння інфармацыі падаецца мне найбольш карэктным.
Што да адраджэння лакальных дудовых традыцый, то яно адбываецца па ўсёй Еўропе. У прыватнасці, The Bagpipe Society, адны з суарганізатараў канферэнцыі, маюць асаблівую цікаўнасць да папулярызацыі іншых дудаў Брытаніі, акрамя агульна вядомых шатландскіх. Таму я палічыў, што наш досвед можа быць цікавы і карысны, асабліва што тычыцца працы з моладдзю і выкарыстання сучасных тэхналогій.
Рэакцыя ж была на дзіва стрыманай. Пытанняў не было, і гэта мне падалося прыкметай адсутнасці цікавасці. Аднак у перапынку шмат хто падыходзіў і дзякаваў за добры даклад, маўляў усё вельмі ясна і зразумела. Таму і не ўзнікла пытанняў. Балазе я падрыхтаваў багаты ілюстратыўны матэрыял: карты, фотаздымкі, запісы. Мэтай было прэзэнтаваць нашыя дуды на годным узроўні, і вынікам я цалкам задаволены. Плануецца, што тэкст дакладу будзе неўзабаве надрукаваны у часопісе Chanter, які выдае The Bagpipe Society.
І сапраўды, складана не пагадзіцца з меркаваннем, што Беларусь для Захаду — хутчэй terra incognita, чым частка агульнаеўрапейскай культурнай прасторы. Таму цікава, як на нас рэагуюць замежнныя даследчыкі культуры заходніх краін? І ў цэлым, ці выклікаем мы цікавасць?
— Тут не трэба мець ілюзій, — разважае Яўген. — Напрыклад, даклад пра дуды Беларусі быў у адным тэматычным блоку з дакладамі пра дуды Грэцыі і Маёркі. Гэткія ускрайкі цывілізаванага еўрапейскага свету, экзотыка. Трэба прызнаць, што для жыхароў Заходняй Еўропы мы перэферыя, маргінэз. І ў той жа сітуацыі знаходзяцца большасць краінаў Усходняй Еўропы. Нас проста не ведаюць. Мы прылятаем з ніадкуль, пра нас ніхто нічога не ведае, і таму можна рабіць што заўгодна, фарміраваць які заўгодна імідж. Што тычыцца культуры, Беларусь — практычна чысты аркуш паперы. А ў маляванні на чыстым аркушы ёсць вялікая свабода дзеянняў. Але і вялікая адказанасць.
Лондан — гэта Вавілон, плавільны кацёл, дзе варыцца, кіпіць агромністая колькасьць моў і культур. Там вельмі лёгка згубіць уласную ідэнтычнасць, распусціцца, стаць “брытыш”, як большасць імігрантаў. Нават у мяне было непрыемнае адчуванне, што абалонка маёй ідэнтычнасці выпрабоўваецца на цэльнасць і моц. Гэтай абалонкі не ўратуеш “касцюмам беларуса”, апранутым на Купалле, не замацуеш штучнымі ін’екцыямі патрыятызму.
Брытанцы — імперцы, у іх музеях культурніцкія артэфакты з усяго свету. І гэта іншы ўзровень мыслення, планетарны маштаб. Мы можам шчасліва сядзець на сваім утульным нацыянальным хутары, ганарыцца архаічнай народнай культурай і 45 тамамі зборніку “Беларуская народная творчасць”. Але калі выходзіць з гэтымі скарбамі на шырокі прастор, у адкрыты космас мульцікультурнага свету — што мы можам гэтаму свету прапанаваць, чым зацікавіць? І ўрэшце рэшт, ці не задыхнемся мы у гэтым космасе? Ці захаваем сваю ідэнтычнасць, адметнасць? Мы для іх — не унікальныя, мы адны з многіх экзатычных культур планеты. І гэта трэба прызнаць як дадзенае, як умовы задачы. Толькі тады можна будзе гэтую задачу вырашыць.
А можа, і не ўсё так сумна, і нават з пункту гледжання “імперскай” шматнацыянальнасці беларуская культура ўсё мае права на ўвагу і шанец зацікавіць міжнародную супольнасць?
— Т��кія падзеі, як міжнародная дударская канферэнцыя — пэўнага кшталту вароты да адкрыцця новых культур, — мяркуе Касандра Балоса-Бардзін. — Спядзяюся, беларускія музыкі атрымюць больш магчымасцей выступаць на розных фестывалях па усёй Еўропе і распаўсюджваць ідэю значнасці мясцовай культуры. Адным са шляхоў распаўсюду інфармацыі можа стаць інтэрнэт, а таксама пераклад некаторых важных матэрыялаў на англійскую мову. Спадзяюся, аднойчы будзе прасцей атрымаць візу і вольна падарожнічаць па свеце. Што, безумоўна, паспрыяе культурнаму абмену паміж рознымі краінамі.
  Дарэчы, беларускія даследчыкі цяпер робяць новы крок у справе знаёмства Еўропы з айчыннай культурай і гісторыяй. Гэтымі днямі ў Лонданскім універсітэцкім каледжы праходзіць навуковая канферэнцыя “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі”. Думаецца, гэты форум можа стаць новым крокам да адкрыцця і далейшага вывучэння нашай краіны.
Марына ВЕСЯЛУХА
Апублікавана ў газеце “Літаратура і мастацтва” 28 сакавіка 2014 г. 
0 notes
vesialuha · 11 years
Text
Прыцягненне жахлівага
Многія аматары чытання ў ліку сваіх любімых жанраў літаратуры абавязкова згадаюць раманы жахаў, трылеры ці містыку. Дзіўна, але менавіта страх здольны цалкам захапіць увагу, выцесніць са свядомасці ўсе астатнія жаданні, пакінуўшы толькі імкненне хутчэй і хутчэй перагортваць старонкі… Больш за тое, страх так проста не знікае, ён можа пасяліцца побач і час ад часу нагадваць пра сябе. Я не памятаю першую казку, якую прачытала сама, не памятаю, які раман трапіў да мяне ў рукі першым, але першую страшную кніжку памятаю дакладна. І хутчэй не сюжэт, а тое, чаго я баялася, ужо перагарнуўшы апошнюю старонку. Раптам такое магчыма ў жыцці? А можа, у гэтым і хаваецца сакрэт такой папулярнасці містыкі і жахаў: пачуццё страху знаёмае кожнаму, яно добра запамінаецца, асабліва калі гэта моцны страх? Першы прачытаны раман жахаў ― як першы пацалунак. Аднойчы і назаўсёды. Дзве новыя кнігі, што пабачылі свет пры падтрымцы ТАА “Харвест”, ― менавіта з такой кагорты. Яны абсалютна розныя, але, як кажуць, б’юць проста ў яблычак, не пакідаючы раўнадушнымі нават самых “бывалых” чытачоў. А як жа па-іншаму? Звярніце ўвагу: у вас у руках “ЛіМ” № 13.
Tumblr media
Крывавая Кэры
Здавалася б, варта ў цэнтр сюжэту кнігі паставіць вобраз крыві, фактычна “заліць” кроўю ўсё і ўсіх ― і справа амаль “у капелюшы”. Дзяўчаты пішчаць, хлопцы радуюцца. Але не ўсё так проста, асабліва калі гаворка ідзе пра раман сапраўднага караля жахаў Стывена Кінга. Тут у справу ўступае цяжкая артылерыя, і перамяжоўваецца аж некалькі ўзроўняў жахлівага. Да проста крывавасці дадаецца цкаванне падлетка ў школе (ці не жах?), рэлігійны фанатызм маці, яе жаданне забіць у дачцэ любыя праявы жаноцкасці і індывідуальнасці. Прысутнічае імкненне адпомсціць, падмацаванае паранармальнымі здольнасцямі. Больш за тое, сам твор падаецца ў форме газетнай ці часопіснай публікацыі (дакументальная аснова), якая толькі перарываецца ўстаўкамі-ўспамінамі (мастацкая частка). Натуральна, гаворка ідзе пра адзін твор ― раман “Кэры”. Пры гэтым усе згаданыя кампаненты падабраны ў такой выйгрышнай камбінацыі, што падаецца: аўтар ледзь не з лінейкай ці вагамі вымяраў, вылічваў правільную колькасць кожнага з іх.
Але гэта сапраўды так! Справа ў тым, што свае падрабязныя ўспаміны пра напісанне рамана “Кэры” Кінг выклаў у дапаможніку “Як пісаць кнігі”. А хіба можна чамусьці навучыць, абапіраючыся на кепскі прыклад? Вядома ж, што заўвагі тыпу “не рабі так” звычайна спрацоўваюць у адваротным кірунку. А вось правільны прыклад, у дадзеным выпадку правільна напісаная кніга, стане выдатным практычным дапаможнікам для маладога пісьменніка.
Нягледзячы на тое, што гэта чацвёртая кніга Кінга, яна стала першым творам пісьменніка, ператвораным з рукапісу ў апублікаваную кнігу. Больш за тое, напачатку працы над гэтым творам Кінг мусіў напісаць апавяданне па заказу “Кавалера”, папулярнага часопіса для мужчын. Першыя старонкі рукапісу былі гатовыя, але не спадабаліся пісьменніку, і ён выкінуў іх у сметніцу. Зусім выпадкова жонка Кінга “выратавала” пачатак будучай знакавай кнігі і пераканала мужа ў неабходнасці працягу. Кажуць, што пасля выхаду менавіта гэтага рамана з друку, Кінг прачнуўся знакамітым пісьменнікам. Тое ж можна сказаць і пра яго гераіню Кэры. Яна і сёння прываблівае ўвагу чытачоў і гледачоў. Сюжэт рамана тройчы ўвасабляўся ў фільмах, аднойчы станавіўся мюзіклам. Існуе нават працяг ― фільм “Кэры-2: Ярасць”.
Tumblr media
Гісторыі… пра нас
Думаецца, ніхто не будзе спрачацца з тым, што кнігі Кінга страшныя. Але гэта, так бы мовіць, страх на адлегласці. Падзеі адбываюцца недзе далёка ў Амерыцы, у незнаёмых нам гарадах, нязвыклах дамах і закінутых гатэлях. Усё не пра нас. У нас усё па-іншаму. Дамы не тыя, закінутых гатэляў не знойдзеш, ды нават імёны герояў нейкія чужыя. Таму можна спакойна сядзець пад цёплай коўдрай, папіваць гарбатку і чытаць кнігу за кнігай. А потым гэтак жа спакойна выключаць святло, класціся спаць і адразу ж засынаць, нават не згадваючы гаротных кінгаўскіх герояў-пужалак. Нас гэта не тычыцца, ды і монстры-лангальеры, мерцвякі так далёка не паляцяць, не паплывуць праз акіян і тым больш не будуць шукаць на карце Беларусь, Мінск, ці нейкую вёску ў Слонімскім раёне.
А цяпер уявіце, што са старонак страшнай кніжкі на вас глядзяць не чужыя героі і монстры, а свае. Што яе падзеі адбываюцца на суседняй вуліцы, у доме праз дарогу, на вашым паверсе ці проста ў кватэры за сцяной. Што ў героях вы лёгка пазнаеце свайго калегу, аднакласніка ці далёкага сваяка, а ў сюжэтах ― расповеды, якія пераказваюцца як плёткі-небыліцы, аднак вы амаль верыце ў іх праўдзівасць, бо і самі (ці ваш сваяк, знаёмы) калісьці перажывалі амаль тое ж. Страшна? Так! І гэтую кніжку так проста не адкладзеш. А ўночы задумаешся: “А можа, сёння паспаць з уключаным святлом?”.
У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра зборнік апавяданняў Мар’яны Раманавай “Страшныя гісторыі. Гарадскія і вясковыя”. Падчас чытання становіцца сапраўды вусцішна, а сюжэты і вобразы яшчэ цягам некалькіх тыдняў усплываюць у свядомасці. Не трэба казаць, што гэта адбываецца ўночы, аабліва тады, калі застаешся адзін у кватэры. У гэтай кнізе жывуць вампіры і парэваратні (не заходнія, гламурныя, а нашы, апісаныя рускімі і беларускімі фалькларыстамі), тут водзяцца Лярвы і ажываюць мерцвякі, а кветка з могілкаў ці вянок з пёраў вароны могуць стаць прычынай вар’яцтва і хуткай смерці. У кватэрах жывуць прывіды забітых ці даўно памерлых бабуль, тут мерцвякі могуць тэлефанаваць сваім блізкім, а таямнічая сляпая вядзьмарка за пэўную плату прыварожыць любога кавалера. Мёртвы муж, пакліканы жонкай у дзень гадавіны, можа выйсці з магілы, фотакамера ― перанесці жыццё на фота, а тапелец, чый пакой патрывожылі, здольны забіць маланкай некалькі чалавек. Страшна? Канечне! Таму, каб не расчараваць аматараў, не буду раскрываць усіх сакрэтаў.
Гэтая кніга адметная яшчэ і тым, што ад яе вельмі хочацца есці. Я не жартую. Ніколі не заўважалі такой асаблівасці: калі героі кнігі часта ядуць нейкую страву, то хочацца зараз жа, нават не адрываючыся ад чытання, з’есці менавіта яе? У мяне заўсёды так. Папакутаваць разам з героем і папіць слабенькай гарбаткі з хлебам і сырам ― калі ласка. Ці “пашыкаваць”, намазаўшы хлеб маслам і дадаўшы кавалак ветчыны, ― таксама прыемна за кампанію. Дык вось героі амаль кожнага апавядання Раманавай смажаць то бліны, то аладкі, а потым са смакам іх ядуць. Магчыма, гэта пэўнага кшталту перасцярога ад аўтаркі: калі не баіцеся саміх расповедаў, дык не чытайце кнігу ўночы, хаця б з-за спакусы пайсці на кухню смажыць аладкі.
Кніга “Страшныя гісторыі” ― сярэдзіна своеасаблівай трылогіі Мар’яны Раманавай. Крыху раней пабачыла свет яе змрочная філасофская казка “Мёртвыя з Верхняга лога”, а праз некаторы час чакаецца выхад наступнага выдання. На гэты раз чытачы змогуць пазнаёміцца з адмысловай калекцыяй страшных маскоўскіх гісторый, якую Мар’яна збірала цягам некалькіх гадоў. Ужо можна чакаць і… баяцца.
Марына ВЕСЯЛУХА
апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 28 сакавіка 2014 г.
0 notes